У выпадку росту даходаў насельніцтва, магчыма, будзе прынятае рашэнне аб дадатковым павышэнні тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі. Пра гэта 15 студзеня паведаміў намеснік старшыні дзяржаб’яднання „Менская гарадская жыллёвая гаспадарка” Юлія Сагайдак.
Паводле яе слоў, рашэнне аб павышэнні тарыфаў у Менску падрыхтаванае і знаходзіцца на разглядзе ў Міністэрстве юстыцыі. „Мы будзем плаціць па новых тарыфах у лютым за студзень, але калі яны ўвойдуць у сілу, стане вядома пасля афіцыйнага апублікавання рашэння Менгарвыканкама„, — падкрэсліла Сагайдак.
Чыноўніца сказала, што тарыфы будуць падняты ў межах, устаноўленых нядаўна прынятым указам прэзідэнта, — не больш за 10 рублёў для стандартнай двухпакаёвай кватэры з трыма жыхарамі пры нарматыўным спажыванні жыллёва-камунальных паслуг. „Павышэнне ў нас адбываецца адзін раз на год. Але ў нас таксама магчымая індэксацыя тарыфаў да чатырох разоў на год. Летась яна праводзілася. Але перад такім рашэннем абавязкова Мінэканомікі, МАРГ вывучаюць рост даходаў насельніцтва. І толькі ва ўвязцы з гэтымі лічбамі могуць прымацца рашэнні аб індэксацыі тарыфаў. Ці будзе гэта ў 2018 годзе, трэба задаваць пытанні МАРГ. Аднак механізм такі прадугледжаны”, — сказала намеснік кіраўніка аб’яднання.
Яна паведаміла, што у 2018 годзе запланаванае зніжэнне выдаткаў на жыллёва-камунальныя паслугі ў межах 5% у супастаўных цэнах. „Па факце за 2017 год зніжэнне выдаткаў склала звыш 17 млн рублёў, на 2018 год запланаванае прыблізна 9 млн рублёў”, — сказала яна.
Паводле яе слоў, мерапрыемствы па зніжэнні затрат прадугледжваюць перагляд і аптымізацыю норм і нарматываў, аптымізацыю колькасці, зніжэнне энергаспажывання. „Таксама вялікі ўплыў робіць усталяванне планава-разліковых цэн. Гэта значыць першапачаткова разлічваюцца выдаткі прадпрыемстваў, яны праходзяць працэдуру ўзгаднення, і тарыфы затым зацвярджаюцца ва ўвязцы з выдаткамі прадпрыемстваў ЖКГ. Пры разліку такіх выдаткаў выкарыстоўваюцца макраэканамічныя параметры на наступны фінансавы год і улічваюцца мерапрыемствы па зніжэнні затрат”, — растлумачыла Сагайдак.
Аляксандр Лукашэнка 5 студзеня падпісаў указ № 473 „Аб устанаўленні тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі для насельніцтва на 2018 год”. Гэтым дакументам устаноўлена, што ў разліку на тыпавую двухпакаёвую кватэру з трыма жыхарамі пры нарматыўным спажыванні імі паслуг тарыфы павысяцца ў „межах пяці долараў”. Плануецца, што гэтыя тарыфы дазволяць забяспечыць у 2018 годзе ўзровень кампенсацыі насельніцтвам затрат па ўсім комплексе жыллёва-камунальных паслуг больш за 70%. Па большасці паслуг (тэхнічнае абслугоўванне жылых памяшканняў, ліфтаў, водазабеспячэнне, водаадвядзенне, збор, вываз і абясшкоджванне камунальных адходаў) з улікам працы па зніжэнні іх сабекошту плануецца выйсці на стопрацэнтнае пакрыццё.
На нарадзе 20 кастрычніка 2017 года Лукашэнка забараніў ураду павышаць у 2018 годзе тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі без узгаднення з ім. „Стаўлю задачу для ўсіх: з 2018 года праводзіцца разавае павышэнне тарыфаў толькі на 5 долараў і ў далейшым — ніякага росту без майго ведама. Тарыфы павінны быць пад’ёмнымі для народа. У гэтай сувязі ураду, Камітэту дзяржаўнага кантролю даручаю дэталёва праверыць. І 1 студзеня 2018 года зацвердзім тарыфы рашэннем прэзідэнта”, — заявіў ён. Лукашэнка нагадаў, што ў Беларусі ў пачатку года тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі традыцыйна павышаюцца на 5 долараў у эквіваленце і індэксуюцца ва ўвязцы з ростам даходаў насельніцтва.
БелаПАН