Менскія ўлады адмовіліся вярнуць царкве „Новае жыццё” дом малітвы



Абшчына хрысціян поўнага Евангелля „Царква „Новае жыццё” не зможа вярнуць сабе будынак дома малітвы на вуліцы Кавалёва ў Менску. Пра гэта пастар царквы Вячаслаў Ганчарэнка заявіў у відэакаментары па выніках сустрэчы 24 лютага з намеснікам старшыні Мінгарвыканкама Арцёмам Цуранам.

„Пытанне пайшло аб нашым будынку, аб вяртанні туды, якія перспектывы і іншае. <…> Ён адказаў, што вярнуцца назад перспектыў няма”, — сказаў кіраўнік абшчыны.

Паводле слоў Ганчарэнкі, прадстаўнік сталічных уладаў прапанаваў царкве некалькі варыянтаў памяшканняў у арэнду, аднак папярэдзіў, што спачатку „трэба заплаціць тое, што царква нібыта завінавацілася ЖРЭА”. „Мы, калі шчыра, не зразумелі [што гэта за доўг], але зразумелі, што трэба аплачваць нейкія сумы, калі мы хочам атрымаць арэнду, а пакуль не аплацім, арэнду мы не атрымаем”, — адзначыў ён.

Адміністратар царквы Віталь Антончыкаў, які таксама быў на сустрэчы, паведаміў, што намеснік старшыні Мінгарвыканкама выказаўся аб магчымасці выдзялення царкве ўчастка зямлі ў сталіцы. „Другая прапанова Арцёма Мікалаевіча [Цурана] была такая: ён цяпер можа напісаць ліст — хадайніцтва на імя прэзідэнта — пра тое, каб нашай абшчыне быў выдзелены нейкі ўчастак зямлі, які ўжо, магчыма, ёсць у іх на прыкмеце, але які ён пакуль не хоча называць. Але зноў жа з умовай, што мы як царква павінны выплаціць няўстойкі, якія панесла ЖРЭА за гэтыя гады”, — растлумачыў ён.

„Наколькі мы ведаем, толькі падатак на зямлю, які ЖРЭА хоча нам выставіць, проста велізарны, — заявіў Антончыкаў. — Царква вызваленая ад падатку на зямлю, і калі б царква працягвала валодаць будынкам кароўніка, то мы б не плацілі. Але паколькі ЖРЭА цяпер уласнік, то яны абавязаны гэты падатак плаціць. І яны цяпер хочуць спагнаць з нас гэты падатак. Акрамя гэтага падатку на зямлю гаворка ішла яшчэ пра нешта іншае, хутчэй за ўсё, пра арэнду. Усё гэта дае нам права меркаваць, што сумы там будуць проста велізарныя”.

Паводле слоў адміністратара царквы, „улады, на жаль, ставяць царкву ў загадзя тупіковую сітуацыю”, паколькі, нават калі абшчына пагадзіцца на гэтыя выплаты, гэта „на шмат-шмат гадоў абяскровіць царкву”. „Новае жыццё”, заявіў ён, павінна будзе ў гэтым выпадку „згарнуць усе праграмы, усю сацыяльную працу, усе свае царкоўныя праекты, толькі для таго каб выплачваць гэты доўг”. Было прапанавана выплаціць доўг у растэрміноўку, але, як сказаў адміністратар царквы,” у прынцыпе гэта ўсё роўна нічога не вырашае”.

„Мы не далі ніякага адказу, таму што гэта вырашыць агульны сход. Але вынік галасавання, напэўна, будзе прадказальны”, — канстатаваў Антончыкаў.

17 лютага судовыя выканаўцы з дапамогай міліцыі і камунальных работнікаў выселілі абшчыну царквы „Новае жыццё” з дома малітвы на вуліцы Кавалёва. Прадстаўнікам абшчыны дазволілі забраць некаторую маёмасць, астатнія рэчы царквы былі апісаныя. Будынак закрылі, усе дзверы апячаталі.

У канцы мінулага года ўпраўленне прымусовага выканання вынесла абшчыне пратэстанцкай царквы „Новае жыццё” чарговы загад з патрабаваннем да 31 снежня выканаць судовы загад ад 23 кастрычніка 2009 года і вызваліць будынак былога кароўніка плошчай 1.621 кв. м па вуліцы Кавалёва, 72. Спаганятым, згодна з дакументам, з’яўляецца ЖРЭА Маскоўскага раёна сталіцы.

У загадзе гаварылася, што ў выпадку невыканання патрабавання прымусовае высяленне адбудзецца 5 студзеня 2021 года ў 11.00. У 10.00 у дзень высялення царква пачала малітоўнае служэнне, на якое сабралася каля 200 вернікаў. Судовыя выканаўцы, якія з’явіліся ў пазначаны імі час разам з прадстаўнікамі ЖРЭА, у будынак заходзіць не сталі. Яны ўдакладнілі, ці мае намер абшчына высяляцца, і, атрымаўшы адмову, склалі адміністрацыйны пратакол у дачыненні да кіраўніцтва царквы за парушэнне загада аб высяленні.

19 студзеня абшчына атрымала позву, якой упраўленне прымусовага выканання абавязала прадстаўнікоў царквы з’явіцца 1 лютага ў сувязі з парушэннем загада суда аб высяленні. У пазначаны дзень судовыя выканаўцы склалі новы адміністрацыйны пратакол па факце парушэння загада суда аб высяленні абшчыны з будынка, аднак пастар Вячаслаў Ганчарэнка яго не падпісаў. Віталь Антончыкаў тады паведаміў БелаПАН, што судовыя выканаўцы маюць намер распачаць чарговую спробу высялення абшчыны 17 лютага.

Выселіць царкву „Новае жыццё” з будынка, у які парафіяне перабудавалі на свае сродкі ў 1992 годзе выкуплены ў дзяржавы напаўразбураны кароўнік, Мінгарвыканкам спрабуе ўжо каля 15 гадоў. У 2005 годзе гарадскія ўлады пазбавілі рэлігійную суполку права карыстання зямельным участкам, нягледзячы на тое што ён быў выдзелены ёй бестэрмінова. Каб прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем царквы, у кастрычніку 2006 года вернікі правялі пост-галадоўку, якая доўжылася прыблізна месяц. Вернікі змянялі адзін аднаго, пастаянна знаходзячыся ў будынку царквы. Уладам давялося адступіць: сітуацыя вакол „Новага жыцця” атрымала шырокі міжнародны рэзананс, у абарону царквы выступілі прадстаўнікі дэмакратычных сіл, краіны ЕС, замежныя палітыкі, святары, рэлігійныя аб’яднанні.

belapan.by

Фота «Анлайнер»