„Менсктранс” будзе афіцыйным перавозчыкам II Еўрапейскіх гульняў
„Менсктранс” будзе афіцыйным перавозчыкам II Еўрапейскіх гульняў, якія пройдуць у Менску ў чэрвені 2019 года. Адпаведнае пагадненне падпісалі 22 сакавіка фонд „Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года” і дзяржаўнае прадпрыемства „Менсктранс”.
Як паведамляе фонд, больш за 180 адзінак аўтобуснай тэхнікі будуць задзейнічаныя пры арганізацыі перасоўванняў спартсменаў, трэнераў, абслугоўвага персаналу, суддзяў, афіцыйных прадстаўнікоў Міжнароднага алімпійскага камітэта, міжнародных і еўрапейскіх федэрацый па відах спорту, Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў, ВАДА, акрэдытаваных прадстаўнікоў СМІ, валанцёраў.
Намеснік генеральнага дырэктара „Менсктранса” Віктар Тозік адзначыў, што прадпрыемства абслугоўвала ўсе буйныя мерапрыемствы, якія раней праходзілі ў Менску. „Гэта і чэмпіянат свету па хакеі ў 2014 годзе, Парламенцкая асамблея АБСЕ ў 2017 годзе. Пасля чэмпіянату свету мы атрымалі высокую ацэнку за наша транспартнае абслугоўванне, — сказаў Тозік. — Разам з тым мы разумеем, што II Еўрапейскія гульні на парадак вышэйшыя па колькасці удзельнікаў, чым чэмпіянат свету, таму рыхтуемся вельмі адказна”.
У сваю чаргу дырэктар фонду „Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў” Георгій Катулін назваў транспартнае забеспячэнне гэтага спартыўнага мерапрыемства „архіважны задачай”, „Менсктранс” абавязаны будзе перавозіць штодзень каля пятнаццаці тысяч розных кліенцкіх груп.
У межах правядзення II Еўрапейскіх гульняў будуць распрацаваныя спецыяльныя маршруты, якія ўлічваюць лагістычныя асаблівасці размяшчэння спартыўных, культурных і іншых аб’ектаў, задзейнічаных у правядзенні спартыўнага форуму.
Катулін адзначыў, што сумесна з Міністэрствам транспарту, „Менсктрансам” і спецыялістамі фонду ўжо распрацаваны план транспартнага забеспячэння, які прадугледжвае рухомы склад, асноўныя маршруты абслугоўвання галоўных кліенцкіх груп. Цяпер пачынаецца распрацоўка аператыўнага плана.
Паводле яго слоў, да маючых адбыцца гульняў у Менску праводзіцца абнаўленне аўтапарка, маршрутаў, рамонт вуліц, абуладкаванне прыпынкаў электроннымі табло. „Думаю, што пасля гульняў наша транспартная сістэма будзе працаваць на зусім новым еўрапейскім узроўні. Папярэднія ацэнкі ЕАК існуючай гарадской інфраструктуры ўжо досыць высокія. Іх усіх вельмі здзіўляе, што ў мільённым горадзе яны практычна не бачылі затораў”, — сказаў Катулін.
У сваю чаргу Тозік дадаў, што перавозкі падчас гульняў будуць ажыццяўляцца аўтобусамі беларускай вытворчасці, ужо распрацаваная праграма закупкі рухомага складу гарадскога і турыстычнага класаў.
У другой палове 2018-га і першым квартале 2019 гадоў павінны паставіць 300 новых аўтобусаў, якія пасля заканчэння гульняў будуць перададзеныя ў карыстанне гараджан. „Мы разумеем, што ў гэты перыяд моцна ўзрастае нагрузка на гарадскі транспарт, бо штодня неабходна будзе перавозіць прыкладна 15 тысяч удзельнікаў спаборніцтваў, — сказаў Тозік. — Паводле патрабавання еўракамісараў дарога да спартыўных аб’ектаў павінна займаць не больш за 30 хвілін. Рашэнняў у гэтай задачы можа быць некалькі: вызваленне паласы, адрэгуляваныя святлафоры, абмежаванне ўезду або суправаджэнне ДАІ. Зараз вядзецца прапрацоўка гэтага пытання”.
Паводле яго слоў, задзейнічаныя пры перавозцы удзельнікаў аўтобусы павінны быць з кандыцыянерам і сістэмай інфармавання, а таксама з маніторамі, дзе будзе перадавацца інфармацыя аб горадзе, маршрутах і іншая інфармацыя рэкламнага характару. Усе аўтобусы павінны быць з нізкай падлогай, зручныя для перавозкі інвентару і мець не менш за 25 месцаў для сядзення, адзначыў Тозік.
II Еўрапейскія гульні пройдуць у Менску з 21 па 30 чэрвеня 2019 года. У праграму спаборніцтваў уключаныя 15 відаў спорту, 10 з якіх стануць кваліфікацыйнымі да XXXI Алімпійскіх гульняў 2020 года. Чакаецца, што ўдзел у найбуйнейшым спартыўным спаборніцтве Еўропы возьмуць больш за чатыры тысячы атлетаў з 50 краін.