«Менсктранс» патлумачыў выдаленне абвестак пра маскавы рэжым
«Менсктранс» пракаментаваў выдаленне налепак з напамінам аб маскавым рэжыме з грамадскага транспарту беларускай сталіцы. Сёння, 26 кастрычніка, менчукі раніцай не знайшлі на дзвярах аўтобусаў і тралейбусаў ужо звыклыя абвесткі.
«Нашэнне маскі — справа добраахвотная кожнага з нас. Таму тая інфармацыя, якая была ў нас размешчана ў рухомым саставе і насіла абавязковы характар, знятая», — заявіла «Мінск-Навінам» прэс-сакратар ГП «Менсктранс» Алена Грамыка.
На мінулым тыдні Міністэрства аховы здароўя змяніла сваю пастанову аб супрацьэпідэмічных мерах. З яго было прыбрана патрабаванне нашэння масак у грамадскіх месцах. Разам з тым Міністэрства працягвае рэкамендаваць іх нашэнне. Сваю палітыку ведамства адкарэктавала пасля разносу, учыненага тыдзень таму Аляксандрам Лукашэнкам.
Сёння ён ужо казаў, што не супраць нашэння масак, але, маўляў, людзі не ўмеюць гэта рабіць правільна.