У Менску прайшла акцыя апазіцыі



На Кастрычніцкай плошчы Менска прайшла акцыя апазіцыі, прымеркаваная да Дня салідарнасці працоўных.

На Кастрычніцкай плошчы Менска адбылася несанкцыянаваная ўладамі народная акцыя-сход з сацыяльна-палітычнымі патрабаваннямі, прысвечаная афіцыйна абвешчанаму Дню працы.

Палітык Мікалай Статкевіч напярэдадні перадаў уласную заяву пра гэта ў Менгарвыканкам. Але за 2 дні да яе пачатку апынуўся за кратамі на Акрэсціна. Яго ідэя была падтрыманая і Беларускім нацыянальным кангрэсам.

На плошчы сабралася да трох сотняў чалавек, лідары апазіцыі. Кажа старшыня руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч:

– Улада можа атрымаць паўзу ў 3 летнія месяцы, але ёй трэба брацца за розум і вырашаць праблемы, якія ёсць. Трэба перастаць здзекавацца з людзей, неадкладна адмяіць дэкрэт №3 – гэта тое, што патрабавалі на ўсіх мітынгах ва ўсіх рэгіёнах. Мусіць быць спынена практыка запалохвання людзей, і павінны быць вызвалены ўсе палітвязні. Няхай гэта будуць дзясяткі чалавек, але на вуліцы будуць выходзіць тысячы.  І ўсіх не перасаджаюць. У рэжыма не будзе столькі турмаў, каб кінуць кожнага беларуса, які патрабуе годнага жыцця.

У прынятай падчас акцыі рэзалюцыі патрабуецца спыніць палітычныя рэпрэсіі, вызваліць зняволеных, адмяніць дэкрэт „аб дармаедах”, падвысіць на 40 % пенсіі і сацыяльныя выплаты, скараціць напалову ўтрыманне міліцыі і спецслужбаў, прыватызаваць прэзідэнцкія лядовыя палацы ды лімузіны. А таксама забяспечыць правядзенне сумленных выбараў пад міжнародным кантролем.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.

Фота аўтара

13.00 За гадзіну да абвешчанай акцыі ў раён Кастрычніцкай плошчы Мtнска сцягнутая міліцэйская спецтэхніка. За Палацам Рэспублікі стаяць чатыры аўтазакі (аўтамабілі для перавозкі затрыманых) і аўтобус „МАЗ” з супрацоўнікамі міліцыі. 

Яшчэ два аўтазакі размешчаны на прылеглай да плошчы вуліцы Энгельса. Побач стаяць прыкладна 20—25 аднолькава апранутых мужчын у цывільным. Яны згрупаваліся вакол чалавека, які іх відавочна інструктуе.

Яшчэ адзін аўтобус з супрацоўнікамі міліцыі стаіць насупраць Аляксандраўскага сквера, размешчанага каля Адміністрацыі прэзідэнта.

За два кварталы ад плошчы, на вуліцы Камсамольскай, стаіць пяць аўтазакаў, як мінімум 11 аўтобусаў з супрацоўнікамі АМАПа і пяць спецыяльна абсталяваных пазадарожнікаў.

13.50 На Кастрычніцкую плошчу прыйшла жонка арыштаванага Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч. Паводле яе слоў, гэта натуральнае права кожнага — выйсці ў цэнтр горада ў дзень, які названы Днём салідарнасці (працоўных). На пытанне, ці выйшла яна замяніць Статкевіча, Адамовіч адказала: „Не, я выйшла сама за сябе”. 

Пасярод плошчы стаіць мужчына, які трымае бел-чырвона-белы сцяг. Тут жа знаходзіцца некалькі дзясяткаў журналістаў, ходзяць супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, некаторыя з іх вядуць відэаздымку. За тым, што адбываецца, назірае начальнік мінскага АМАПа Дзмітрый Балаба. 

14.02 На плошчу прыйшоў старшыня руху „За Свабоду” Юрый Губарэвіч. „Відавочна, што ўлада баіцца пратэстаў грамадзян, — заявіў ён, адказваючы на пытанне БелаПАН, чаму не былі дазволеныя альтэрнатыўныя акцыі. — Прычым яе страх распаўсюджваецца не толькі на несанкцыянаваныя акцыі, але і на дазволеныя. Менавіта таму рабіліся прэвентыўныя затрыманні нават у тых гарадах, дзе акцыі былі санкцыянаваныя мясцовымі ўладамі”. 

Губарэвіч лічыць, што на лета ўлада атрымае „некаторую перадышку” ад акцый. „Цяпер людзі вымушаныя ехаць на дачы, спрабаваць выжыць, бо ніякіх надзей на ўладу ў іх няма”, — сказаў ён. Паводле слоў Губарэвіча, трэба рыхтавацца да восені-зімы. „Калі ўлада нічога не зробіць, — а на гэта пакуль нішто не паказвае, — людзі зноў стануць масава выходзіць на вуліцы і Беларусь чакае чарговая хваля пратэсту”, — заявіў палітык. 

„Сёння людзі абмяркоўваюць праблемы на кухні, але з цягам часу будуць гатовыя тысячамі выходзіць на плошчы, — лічыць ён. — Улада ў выніку з усімі пратэстоўцамі нічога зрабіць не зможа, бо ў яе не хопіць турмаў, каб усіх перасаджаць”. 

Цяпер на плошчы да пяці дзясяткаў чалавек. Міліцыя пачала папярэджваць тых, хто сабраўся, у мегафон аб тым, што акцыя несанкцыянаваная. Людзей просяць разысціся і нагадваюць, што ў выпадку непадпарадкавання міліцыя можа прымяніць сілу і спецсродкі. 

На плошчу прыйшоў апазіцыйны палітык Уладзімір Някляеў, вядомая актывістка Ніна Багінская з бел-чырвона-белым сцягам, а таксама сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец

14.20 Цяпер на плошчы каля 100 чалавек. Яны скандуюць: „Жыве Беларусь!”, „Салідарнасць!”, „Свабоду палітвязням!” Павел Севярынец выкрыквае прозвішчы затрыманых па справе „Белага легіёну”. Людзі, якія сабраліся, у адказ крычаць: „Свабоду!” Калі супрацоўнік міліцыі зноў пачаў папярэджваць у мегафон аб несанкцыянаваным характары акцыі, прысутныя запатрабавалі размаўляць па-беларуску. 

14.29 На прыступках Палаца Рэспублікі праходзіць імправізаваны мітынг, удзельнікі выступаюць праз гучнагаварыцель. Уладзімір Някляеў падзякаваў тым, хто прыйшоў, за іх смеласць, за гатоўнасць выказаць салідарнасць з тымі, хто ўжо пацярпеў ад рэпрэсій уладаў. Някляеў нагадаў, што напярэдадні быў затрыманы арганізатар акцыі Мікалай Статкевіч. „Нават не затрыманы, а выкрадзены. Больш як паўсутак сям`я не ведала, дзе ён знаходзіцца. Выкраданне — гэта звычайная практыка беларускіх уладаў”, — сказаў ён. 

Жонка Статкевіча Марына Адамовіч заявіла, што ўлада адабрала ў грамадзян права на забяспечанае і годнае жыццё, а таксама гатовая рэпрэсіямі задушыць пратэст. „Але мы не спалохаліся, выйшлі на плошчу, каб выставіць свае патрабаванні, выказаць салідарнасць з арыштаванымі”, — адзначыла яна. 

Удзельнікі мітынгу патрабуюць адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі і ўрада. 

14.40 Актывіст апазіцыі Яўген Афнагель заклікаў прысутных прайсці па праспекце Незалежнасці да плошчы Незалежнасці. Прыкладна дзвесце чалавек адправіліся ў бок плошчы Незалежнасці. Людзі скандуюць: „Жыве Беларусь!”, „Свабоду!”, „Ганьба!” Каля ўніверсама „Цэнтральны” актывіст Максім Вінярскі запаліў фаер. Да прыпынку насупраць ГУМа ўжо падагналі два аўтазакі. 

Праходзячы міма будынка Камітэта дзяржбяспекі, мітынгоўцы скандавалі: „Далоў КДБ!” У калоне ідзе да 300 чалавек. Дэманстрантаў суправаджаюць аўтазакі.

15.00 Мітынгоўцы дасягнулі плошчы Незалежнасці, міліцыя пакуль нікога не чапае. Людзі ідуць да пляцоўкі перад Домам урада.

15.05 Частка дэманстрантаў спынілася каля Чырвонага касцёла, частка — адправілася да Дома ўрада. Уладзімір Някляеў заклікаў апошніх вярнуцца, адзначыўшы, што акцыя носіць мірны характар салідарнасці. Паводле слоў Някляева, калі рэжым пачне хапаць людзей, гэта будзе злачынства, бо ні ў каго з удзельнікаў акцыі не было намеру ўчыняць супрацьпраўныя сілавыя дзеянні. Палітык яшчэ раз падкрэсліў мірны характар першамайскай дэманстрацыі.

15.10 Удзельнікі акцыі прынялі рэзалюцыю з галоўным патрабаваннем — вярнуць уладу народу шляхам правядзення свабодных выбараў. Яны таксама запатрабавалі адмены дэкрэта № 3, вызвалення Мікалая Статкевіча і іншых арыштаваных па палітычных матывах. Яўген Афнагель заявіў, што акцыі пратэсту будуць працягвацца да таго часу, пакуль расійскія войскі не будуць выведзеныя з тэрыторыі Беларусі, а ўлады — не адменяць сумесныя ваенныя вучэнні. Пасля гэтага было абвешчана аб завяршэнні акцыі. Людзі пачалі разыходзіцца.

Сабрацца 1 мая на Кастрычніцкай плошчы, каб выставіць уладам эканамічныя і сацыяльныя патрабаванні, заклікаў апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч. Сувязь з ім знікла вечарам 28 красавіка, а на наступны дзень стала вядома, што ён затрыманы і асуджаны судом Ленінскага раёна Менска на пяць сутак адміністрацыйнага арышту. За што судзілі палітыка, дагэтуль невядома.

БелаПАН

Фота: nn.by, svaboda.org