Менскую сярэднюю школу памецілі абрэвіятурай „АМАП”
Гэта школа нумар 72. Падзею прымеркавалі да 35-годдзя стварэння АМАПу – яшчэ ў СССР. А на школу павесілі шыльду з партрэтам Уладзіміра Арцёмава – першага камандзіра менскага АМАПу.
І перад тым як пагаварыць пра спробы далейшай прамыўкі мазгоў дзецям і моладзі, я працытую выданне „Салідарнасць”. А менавіта словы з інтэрв’ю 2020 года з колішнім амапаўцам, які пачынаў служыць з Уладзімірам Арцёмавым:
„Такога што было ў апошнія дні (маюцца на ўвазе здзекі і катаванні на Акрэсціна і ў іншых лакацыях) мы бы ніколі не зрабілі. Мы былі жорсткімі, але не азвярэлымі”.
У Менску АМАП быў створаны 22 лістапада 1988 года – менш, чым праз месяц пасля шматтысячнага шэсця і мітынгу ў Курапатах на Дзяды. Таго самага, дзе выкрывалі злачынствы камуністаў і заклікалі да дэмакратызацыі і незалежнасці Беларусі.
Прыкметная адмарожанасць АМАПу да ўдзельнікаў мірных пратэстаў, на мой погляд, пачалася ў 1996 годзе падчас Менскай Вясны. У кожнага могуць быць свае кропкі адліку, але ў кожным разе Уладзімір Арцёмаў на шыльдзе на школе нумар 72 ніякай прывязкі да лукашэнкаўскіх апрычнікаў з сімволікай АМАПу не мае.
Назвы старыя, але сутнасна Лукашэнка змяніў сістэму кіравання, у тым ліку і функцыі Міністэрства ўнутраных справаў. У якім раскрыцці і перадухіленні злачынстваў занялі другую па значнасці пазіцыю, а асноўныя сілы скіраваліся на барацьбу з іншадумствам.
Тое, што Лукашэнка з Міністэрства ўнутраных справаў будаваў дзяржаву ў дзяржаве, для палітычных аналітыкаў ды журналістаў даўно было відавочнасцю. Але Лукашэка па ўсяму і праўда думаў, што ў жорсткай апазіцыі да яго не такі вялікі працэнт грамадзянаў, каб турбавацца.
2020 год паказаў, што праціўнікі рэжыму ёсць ва ўсіх слаях грамадства. Цяпер жа мацаваць міліцэйскую дзяржаву – адзіны спосаб для Лукашэнкі, каб выжыць.
Гісторыя са школай нумар 72 у Менску – яшчэ адзін штрышок да карціны, дзе ў будучыні беларусаў канчаткова плануюць падзяліць на касты. Дзе міліцыя мае дадатковыя правы, большасць – абмежаваная ў правах.
Колькі той будучыні ў лукашыстаў?
Першы камандзір менскага АМАПу Уладзімір Арцёмаў не прапрацаваў і два гады, звольніўся ў ліпені 1990-га. Ці думаў ён, што праз год і месяц паваліцца Савецкі Саюз? Наўрад ці.
Лукашысты ўжо тры гады і «кожнага знаходзяць» і дзяцей мілітарызуюць, але відавочна, што рэсурсаў ім бракуе. Не бягуць да іх на працу масавым характарам.
Гукавы файл:
Беларускае Радыё Рацыя