Мерапрыемствы за адмену смяротнага пакарання ў Гародні
Пра практыку смяротнага пакарання і аргументы на карысць мараторыя на смяротнае пакаранне інфармавала група міжнародных экспертаў, якая наведала Гародню. Сустрэча з уладамі, прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый і студэнтамі была арганізавана працоўнай групай беларускага парламента па вывучэнні тэматыкі смяротнага пакарання і амбасадай Вялікабрытаніі.
Ці гатовая грамадская думка да пераменаў заканадаўства на карысць адмены смяротнага пакарання, выказаўся Андрэй Навумовіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Беларусі.
– Я не ведаю, які пункт гледжання на гэтую праблему сёння ва ўсіх дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. У іншым выпадку, паверце, я б унёс прапанову аб правядзенні парламенцкіх слуханняў. Але калі я ўнясу прапанову, і дэпутаты мяне не падтрымаюць як кіраўніка працоўнай групы, мы адсунем абмеркаванне гэтага пытання яшчэ да наступнага склікання дэпутацкага корпуса. Трэба гэта рабіць паступова і ўзважана.
На сустрэчы грамадскасці з міжнароднымі экспертамі за захаванне смяротнага пакарання выказаліся прадстаўнікі БРСМ, Беларускі саюз жанчынаў, ветэраны вайны ў Афганістане, выкладчыкі ўніверсытэта і студэнты. Іван Шымонавіч, памочнік генеральнага сакратара Аб’яднаных Нацый па пытаннях адказнасці за абарону падцвердзіў, што няма такіх народаў, дзе б праз рэферэндум можна было дасягнуць посьпеху прыхільнікам адмены смяротнага пакарання.
– Складана сказаць. Я мяркую, што працэс ужо пачаўся. Моцным крокам да адмены смяротнага пакарання будзе ўвядзенне мараторыя. Большасць краінаў, якія ўвялі мараторый, у рэшце рэшт адмянілі смяротнае пакаранне. Вельмі мала краін, якія спачатку ўвялі мараторый, а пасля вярнуліся да смяротнага пакарання.
Міжнародныя эксперты падзяліліся практыкай прымянення заканадаўства стасоўна смяротнага пакарання.
І нагадалі, што 23 краіны свету захавалі смяротнае пакаранне. Беларусь застаецца адзінай краінай ў Еўропе, дзе захаваўся гэты від пакарання. Міжнародныя эксперты не спяшаюцца з ацэнкамі вынікаў паездкі ў Гародню.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота аўтара