„Мёртвая Дзітва” абскарджанню не падлягае
У Гарадзенскім абласным судзе адбылося пасяджэнне, дзе разглядалася абскарджанне пакарання актывістаў Вітольда Ашурка і Сяргея Пантуса па акцыі „Мёртвая Дзітва”.
Акцыя адбылася 17-га чэрвеня гэтага году, калі Вітольд Ашурак і Сяргей Пантус выйшлі да будынку Лідскага райвыканкаму з плакатам „Мёртвая Дзітва”, інфармуючы такім чынам жыхароў пра небяспеку для здароўя і звяртаючыся да мясцовай улады. За гэту акцыю Лідскі суд аштрафаваў кожнага на 10 базавых велічынь.
Пра пасяджэнне абласнога суда распавядае праваабаронца Уладзімір Хільмановіч:
– Суддзя Анатоль Заяц канешне як звычайна выявіў карпаратыўную салідарнасць і прызнаў пастанову суддзі старшыні лідскага раённага суда законнай. Чыста фармальна гэта сапраўды быў пікет, але ў адміністрацыйным заканадаўстве ёсць пэўныя акалічнасці, пэўныя аспекты. Калі людзі папярэджваюць пра небяспеку іншых, то гэта можа трактавацца зусім іначай. Таму я перакананы, што тыя дзеянні, якія ажыццявілі Ашурак і Пантус, па сутнасці гэта быў сігнал SOS.
На думку праваабаронцы, актывісты павінны прайсці ўсе інстанцыі:
– Я мяркую, што варта канешне прайсці іншыя нацыянальныя інстанцыі, і на імя старшыні абласнога суда напісаць скаргу. Пасля, паколькі адказ загадзя вядомы, у Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь таксама. Магчыма варта падаць скаргу ў Камітэт па правах чалавека, паколькі парушаюцца канстытуцыйныя правы. Права знаходзіцца на вуліцы гарантавана грамадзяніну Рэспублікі Беларусь артыкуламі Канстытуцыі.
Самы грамадскія актывісты на „разглядзе” скаргі ў Гарадзенскім абласным судзе не прысутнічалі.
Беларускае Радыё Рацыя