Метады выбівання штрафаў ад пінскай міліцыі
У Пінску міліцыянты арыштавалі мабільны тэлефон праваабаронцы, сябра “Руху “За Свабоду” Алеся Рамановіча. Нібы гэта зроблена для таго, каб быў большы стымул сплаціць штрафы за ўдзел у акцыях пратэсту.
Праваабаронца называе такія дзеянні неабгрунтаванымі і рыхтуе скаргу ў пракуратуру:
– Наколькі я ведаю, то такая практыка ўжо па ўсёй Беларусі. Лічу, што гэта незаконна. Мой тэлефон арыштавала асоба, якая вяла адміністрацыйны працэс – супрацоўнік міліцыі. Яшчэ не было суда, а ён ужо арыштаваў тэлефон да выплаты штрафу. Разумею, калі б то суд прызначыў, а так…
Тэлефон у Алеся Рамановіча арыштавалі 15-га лістапада, калі яго затрымалі на гарадской акцыі памяці па забітаму Раману Бандарэнка. За ўшанаванне памяці праваабаронцу пакаралі штрафам у 1350 рублёў.
Беларускае Радыё Рацыя