„МФ” праводзіць акцыю ў абарону Эдуарда Пальчыса
Актывісты „Маладога фронту” працягваюць збор подпісаў за ўнясенне бел-чырвона-белага сцяга ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Цяпер на пікеце можна таксама падпісацца і за артыкул блогера Эдуарда Пальчыса.
Як напісаў у „Фэйсбуку” лідар „Маладога Фронту” Зміцер Дашкевіч, артыкул „5 прычын, па якіх Украіна пераможа РФ” Пальчыса суд прызнаў экстрэмісцкай. Менавіта за гэта яго і судзяць.
„Мы выбралі гэты артыкул для падпісання, таму што, па-першае, ён самы лаканічны, а па-другое, менавіта за супрацьстаянне расейскай агрэсіі ва Украіне Эдуарда Пальчыса завабілі ў Расею і там арыштавалі”- адзначае Зміцер Дашкевіч.
Плануецца, што 14 кастрычніка перад пачаткам суду адвакат Эдуарда Пальчыса будзе хадайнічаць да суду далучыць падпісаны артыкул „5 прычын…” да матэрыялаў крымінальнай справы.
Нагадаем, суд над блогерам Эдуардам Пальчыса, якога беларускія праваабаронцы прызналі палітычным вязнем, пачнецца 14 кастрычніка. Пасяджэнне будзе праходзіць у закрытым рэжыме. Раней Зміцер Дашкевіч заклікаў прыйсці 14 кастрычніка а 10-й раніцы да будынка Менскага гарадскога суда на акцыю салідарнасці з Эдуардам Пальчысам.