Microsoft: Шкоднасным кодам у Беларусі заражаныя 22% камп’ютараў



Згодна з даследаваннем кампаніі Microsoft, 7,8% камп’ютараў у свеце заражаныя шкоднасным кодам, а ў Беларусі гэты паказчык вышэйшы — 22%. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы Microsoft Security Intelligence Report, якая змяшчае аналіз інфармацыйнага асяроддзя на прадмет кіберпагроз за перыяд з лютага 2017-га па студзень 2018 года.

Справаздача грунтуецца на звестках, атрыманых ахоўнымі праграмамі і сэрвісамі Microsoft.

Самай распаўсюджанай катэгорыяй кіберпагроз сталі вірусы-траяны. За перыяд даследавання колькасць заражэнняў у свеце павялічылася з 6 да 10%. У Беларусі траяны былі выяўленыя на 15,82% камп’ютараў. Не менш сур’ёзную пагрозу інфармацыйнай бяспецы ўяўляюць ботнеты. Яны распаўсюджваюць шкоднасны софт: праграмы-вымагальнікі, траяны і бэкдоры. Вірусы выкрадаюць даныя ўліковых запісаў, запускаюць у сістэмах заражанае ПА, адсочваюць тое, што адбываецца на чужых маніторах. Паводле звестак на сакавік 2017 года, у бот-сетку трапілі 1,98% камп’ютараў беларускіх карыстальнікаў.

Сур’ёзнай кіберпагрозай Microsoft назвала фішынг: у другім паўгоддзі 2017 года 53% карыстальнікаў па ўсім свеце штомесяц атрымлівалі фішынгавыя лісты, якія змяшчалі заражаныя файлы. Яшчэ адной мішэнню для зламыснікаў з’яўляюцца воблачныя праграмы з нізкім узроўнем аховы. У межах даследавання высветлілася, што 79% SaaS-праграм не забяспечваюць надзейнае шыфраванне інфармацыі, якая захоўваецца ў воблаку і перадаецца.

„У абнаўленні Windows 10 (April 2018 Update) мы чарговым разам пашырым магчымасці Windows Defender ATP, каб дамашнія карыстальнікі і кампаніі маглі ўмацаваць сваю ахову і спраўляцца з магчымымі пагрозамі бяспецы хутчэй і больш эфектыўна. Абаронца Windows Defender здольны блакаваць шкоднасныя праграмы, выкарыстоўваючы лакальныя і воблачныя мадэлі машыннага навучання. Глабальнае абнаўленне Windows 10 пачне распаўсюджвацца з 8 мая”, — пракаментаваў кіраўнік прадстаўніцтва Microsoft у Беларусі Антон Мякішаў.

Згодна са звесткамі Мicrosoft, вымагальніцтва крыптавалюты і іншых плацяжоў з пагрозай знішчыць даныя карыстальнікаў па-ранейшаму застаецца прывабнай стратэгіяй для кіберзлачынцаў. У 2017 годзе прычынай выхаду з ладу мноства карпаратыўных сетак у бальніцах, транспартных сістэмах і сістэмах кіравання дарожным рухам сталі ўспышкі вірусаў-вымагальнікаў WannaCrypt, Petya/NotPetya і BadRabbit. Атакі зламыснікаў былі вельмі разбуральнымі і імкліва развіваліся, пакідаючы ахвяр без доступу да асабістых даных.

Заснаваная ў 1975 годзе, карпарацыя Microsoft — сусветны лідар у вытворчасці ПЗ, аказанні паслуг і распрацоўцы інтэрнет-тэхналогій для персанальных камп’ютараў і сервераў. Прадукты Microsoft прадаюцца больш як у 80 краінах, перакладзены больш як на 45 моў і сумяшчальныя з большасцю платформаў персанальных камп’ютараў.

belapan.by