Мікалай Аўтуховіч абраны старшынём камітэта «Салідарнасць»
У Менску прайшоў устаноўчы сход грамадскай арганізацыі „Камітэт падтрымкі прадпрымальнікаў „Салідарнасць”. Яе кіраўніком абраны прадпрымальнік, былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.
На сходзе прынялі ўсе неабходныя для рэгістрацыі арганізацыі дакументы. Па словах старшыні арганізацыі, ужо бліжэйшым часам увесь пакет дакументаў перададуць у Міністэрства юстыцыі:
– Асноўная задача арганізацыі – падтрымка прадпрымальніцтва, спрыяць развіццю бізнеса ў нашай краіне, працы прадпрымальнікаў і ствараць новыя працоўныя месцы. Цягам траўня-ліпеня я ездзіў па краіне, пабываў на многіх рынках. Прадпрымальнікі запалоханыя, жывуць у няведанні, увесь час чагосьці чакаюць. Яны ведаюць, што нічога лепшага не будзе, але працягваюць чакаць і ні на што не адважваюцца.
Мікалай Аўтуховіч спадзяецца, што стварэнне камітэта падрымкі прадпрымальнкаў „Салідарнасць” падштурхне іх да аб’яднання і больш актыўнага і эфектыўнага змагання за свае правы. Па яго словах, стварэнне гэтай грамадскай арганізацыі – першы крок на шляху да вялікага прафсаюза „Салідарнасць”.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота аўтара