Мікалай Аўтуховіч: 1 лістапада бацькі Даната Скакуна сустрэнуцца з журналістамі
Былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч распавёў, што ў бліжэйшыя дні ўстанова “ТаймАкт” і бацькі гімназіста, якога абвінавацілі ў нападзе на настаўніцу, правядуць прэс-канферэнцыю.
Нагадаем, напад на настаўніцу менскай гімназіі адбыўся ў траўні 2016 года. Жанчына атрымала 17 ран. За замах на яе забойства быў затрыманы гімназіст Данат Скакун. Суд прызначыў яму пакаранне ў выглядзе васьмі гадоў выхаваўчай калоніі. Не так даўно Вярхоўны суд пакінуў рашэнне ніжэйшых інстанцый у сіле.
21 верасня супрацоўнікі Следчага камітэта правялі адмысловую прэс-канферэнцыю па “справе Скакуна”. А зараз з журналістамі плануюць сустрэцца і бацькі Даната.
Мікалай Аўтуховіч: Прэс-канферэнцыя адбудзецца 1 лістапада ў 10.00 у Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры. На ёй будуць прысутнічаць бацькі гімназіста, прадстаўнікі “ТаймАкт” і некаторыя спецыялісты. Мы паспрабуем адказаць на тыя пытанні прадстаўнікоў СМІ, на якія так і не далі адказы на прэс-канферэнцыі супрацоўнікі Следчага камітэта. Безумоўна, адзначым самыя балючыя моманты, якія абыходзяць бокам следчыя.
РР: Ці праўда, што дэпутат Алена Анісім рабіла “па справе Скакуна” запыт у Генпракуратуру?
Мікалай Аўтуховіч: Так, бацькі Даната звярнуліся да спадарыні Анісім, і тая насамрэч зрабіла запыт, у якім перадала шэраг пытанняў, якія хвалююць бацькоў гімназіста. Але, на жаль, пракуратура па сутнасці дала фармальны адказ. Маўляў, быў суд, які ўжо разабраўся ў справе і вынес рашэнне.
РР: Вярхоўны суд пакінуў рашэнне ў сіле. Бацькі Даната Скакана яшчэ будуць асбкарджваць яго?
Мікалай Аўтуховіч: Прэс-канферэнцыя якраз і будзе праводзіцца пасля таго, як бацькі пададуць скаргу ў парадку нагляду ў Генпракуратуру.
РР: Што зараз чуваць пра самога хлопца?
Мікалай Аўтуховіч: Ён пакуль знаходзіцца ў каранціне ў Бабруйскай калоніі. Здаецца, 27 кастрычніка яго павінны “падымаць” у атрад.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя