Мікалай Аўтуховіч абскарджвае дзеянні міліцыянта



Мікалай Аўтуховіч працягвае абскарджваць дзеянні ваўкавыскага міліцыянта, які не даваў яму дазволу на выезд у Менск на лячэнне. Былы палітычны вязень атрымаў адказ на сваю скаргу на імя раённага пракурора, які прызнаў дзеянні міліцыянта законнымі, і цяпер падае скаргу на імя пракурора Гарадзенскай вобласці. Нагадаем, што Аўтуховіч знаходзіцца пад прэвентыўным наглядам, і каб выехаць з Ваўкавыску павінен мець дазвол органа ўнутраных спраў. Ён лічыць, што міліцыянт неабгрунтавана не даваў яму гэтага дазволу:

– Кіраўнік міліцыі не мае права вырашаць лёс чалавека, якому патрэбнае лячэнне: ён не доктар, ён не спецыяліст у гэтай галіне. Чаму ён вырашае дазволіць мне ехаць ці не, калі было накіраванне лекара?  І нават не адно. Ён спасылаўся на тое, што я мушу ісці ў нашую паліклініку ці бальніцу і ўзяць паперу, што мне не могуць аказаць у Ваўкавыску гэтую дапамогу.

У выніку Мікалай Аўтуховіч трапіў на лячэнне ў Менск, калі напісаў заяву на часовае там пражыванне. Аднак кажа, што не збіраецца пакідаць гэтую справу і будзе намагацца справядлівага пакарання для міліцыянта.

Таксама ў пятніцу, 22 жніўня, былы палітычны вязень накіроўваецца ў Менск у Вярхоўны суд у справе абскарджвання тых спагнанняў, якія на яго накладаліся яшчэ ў час знаходжання ў Гарадзенскай турме.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя