Мікалай Аўтуховіч: Не дадуць мне спакойна жыць
Былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч і на волі застаецца пад пераследам. Праверкі і падазрэнні да яго з боку міліцыі не спыняюцца. Апошнім часам, кажа Мікалай, дапытвалі супрацоўнікаў аднаўляемай ім пасля выхаду на волю фірмы таксі:
– Здараюцца такія моманты, што не разумееш, адкуль што бярэцца. Аказалася, што мяне тут падазраюць у тым, што я збіраю, гатую і адпраўляю людзей на вайну ва Украіну. Як я зразумеў, мне хацелі інкрымінаваць стварэнне бандфарміравання. За гэта такія цяжкія крымінальныя артыкулы, пакаранне ад 20 гадоў пачынаючы. Не дадуць мне спакойна пажыць!
Мікалай Аўтуховіч выйшаў на волю ў красавіку мінулага года.
У траўні 2010-га за перавозку і захоўванне пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі Вярхоўны суд Беларусі прызнаў яго вінаватым на падставе часткі 3 артыкула 295 Крымінальнага кодэкса (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) і прыгаварыў да пяці гадоў і двух месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму.
Праваабаронцы прызналі Аўтуховіча палітвязнем.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч, якія зараз знаходзіцца ў Ваўкавыску пад прэвентыўным наглядам, распавядае, як аднаўляе старую фірму.
Мікалай Аўтуховіч: Жыццё ідзе сваім ходам. Вось учора быў у лесе, трэба было дровы загатовіць. Я адмовіўся ад дарагога газа, і офіс топім дровамі. Зараз такія заробкі, што, калі яшчэ і за газ заплаціць, то наогул застанешся без прыбытку.
РР: Дзе зараз працуеце?
Мікалай Аўтуховіч: Падымаем на ногі старую фірму таксі.
РР: Наколькі складана зрабіць гэта практычна з нуля?
Мікалай Аўтуховіч: Я і пачаў з нуля, бо ў фірме было паўтары машыны – адна ездзіла, а другая стаяла ў рамонце. Зараз ужо сем машын з новым дызайнам, новым іміджам. На візітоўках у нас такі дэвіз: “Мы адраджаем для вас традыцыі абслугоўвання”. Паціху займаем рынак ізноў.
РР: Ці адрозніваюцца ўмовы працы раней і зараз?
Мікалай Аўтуховіч: Вельмі моцна. Калі мы пачыналі працаваць у 2002 годзе, то адзін кіламетр каштаваў столькі ж, колькі і літр паліва. А зараз гэтага няма і блізка. Літр дызельнага паліва каштуе 12.300 рублёў, а за адзін кіламетр праезду – 5 тысяч. Тое самае атрымоўваецца і на куплі запчастак, бо даляр там лічаць адзін да 20 тысяч рублёў. А рамантаваць машыны ўсё роўна ж патрэбна.
РР: Канкурэнцыя на рынку таксі вялікая?
Мікалай Аўтуховіч: Не вельмі. Дарэчы, многія, хто занятыя ў гэтым бізнесе, цікавіліся, ці буду я займацца справай і пасля выхаду на волю. Не выключаю, што не ўсе і рады майму выхаду, бо наша фірма стала сур’ёзным канкурэнтам для астатніх. Нам шмат тэлефануюць, машыны чыстыя і спраўныя. Усё, як раней. І працы ў нас зараз болей, чым у канкурэнтаў.
РР: Кім вы лічыцеся ў фірме?
Мікалай Аўтуховіч: Працую, як механік. Вывучыўся таксама на таксіста, так што магу быць і кіроўцам. Але ніякіх кадравых рашэнняў я не прымаю. Сачу толькі, каб ўсё было добра на фірме.
РР: Прэвентыўны нагляд за вамі працягваецца?
Мікалай Аўтуховіч: Безумоўна, правяраюць два разы на ноч – напачатку начы і пад ранак. Зрэшты, я ўжо да гэтага прызвычаіўся, хоць неяк і жартаваў, што ў турме было прасцей чым на “грамадзянцы” – там лёг у дзесяць вечара і ў шэсць раніцы ўстаў.
РР: Здароўе паправілі сваё?
Мікалай Аўтуховіч: Дзе ж яго паправіш? Прапаноўвалі падлячыцца за мяжой, але ж дазволу не даюць. А нагляд заканчваецца толькі 8 жніўня.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя