Мікалай Аўтуховіч: Будзем змагацца за хлопца да апошняга



Былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч распавядае пра тое, як праходзіць кампанія ў падтрымку Даната Скакуна – гімназіста, якога прызналі вінаватым у нападзе з нажом на настаўніцу.

Як вядома, у сацыяльных сетках праходзіць кампанія ў падтрымку Даната Скакуна – сталічнага гімназіста, якога прызналі вінаватым у нападзе з нажом на настаўніцу і прысудзілі да 8 гадоў пазбаўлення волі.

Многія не вераць у ягоную вінаватасць, а ў Фэйсбуку была створана старонка ў падтрымку Даната, дзе публікуецца інфармацыя па ягонай справе. Адным з ініцыятараў кампаніі салідарнасці стаў экс-палітвязень Мікалай Аўтуховіч.

Мікалай Аўтуховіч: Зараз мы адмыслова па гэтай тэме рыхтуем фільм. Гэта будзе храналогія падзей, якія адбываліся з хлопцам у момант, калі адбылася трагедыя. І тыя факты, якія ў нас маюцца, дазваляюць зрабіць высновы, што Данат невінаваты. У справе вельмі шмат супярэчнасцей, якіх суд не ўлічыў.

РР: Калі, як вы кажаце, гімназіст не вінаваты, тады хто мог парэзаць настаўніцу?

Мікалай Аўтуховіч: Сёння мы можам разважаць толькі тэарэтычна, хаця нам вядома, што ў настаўніцы было шмат праблем, якія былі звязаны не толькі з навучаннем у школе. Увогуле, версій шмат.

РР: Афіцыйныя асобы кажуць, што ў вашым аналізе сітуацыі шмат недакладнасцей, бо вы дакладна не ведаеце ўсіх матэрыялаў справы…

Мікалай Аўтуховіч: У нас на руках ёсць усе матэрыялы справы, што мы яшчэ можам не ведаць? Таму нічога новага тыя самыя афіцыйныя асобы сказаць не змогуць. Можа варта лепш казаць сёння пра тое, як у хлопца ноччу выбівалі паказанні? Чаму не было рэакцыі на тое, што да Даната не пусцілі спачатку адваката?

РР: Бацькі гімназіста будуць абскарджваць рашэнне суда?

Мікалай Аўтуховіч: Так, але пакуль яны знаёмяцца з пратаколамі судовага пасяджэння. А затым будуць падаваць апеляцыю ў Вярхоўны суд. Дарэчы, мы таксама падалі скаргу ў праваабарончыя структуры пры ААН, а таксама інфармацыя будзе даведзена да паслоў еўрапейскіх краін. Мы падключылі як мага больш людзей і будзем працягваць барацьбу да апошняга.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя