Мікалай Аўтуховіч чарговы раз заявіў пра невінаватасць іншых фігурантаў справы
13-га чэрвеня ў гарадзенскай турме працягнуўся разгляд гучнай справы „групы Аўтуховіча”. Былы „афганец” і прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч чарговы раз заявіў пра невінаватасць іншых фігурантаў справы.

Ён настойвае, што сведчанні супраць сябе гэтыя людзі давалі пад катаваннямі і ціскам. У прыватнасці Аўтуховіч гаварыў пра сям’ю праваслаўнага святара Сяргея Разановіча. Па справе праходзіць святар, яго жонка і сын, бо ў іх доме ў Берасці спыняўся Мікалай Аўтуховіч.

„Падаваць гэта так, што мы збіраліся ў гэтым доме для таго, каб будаваць планы па звяржэнні ўлады — гэта глупства, — цытуе словы Аўтуховіча sb.by. — Я адкажу на любыя пытанні, каб зняць усе абвінавачанні з гэтых людзей. Гэтыя людзі не мелі паняцця аб маёй дзейнасці. Ніякай зброі яны не бачылі”.
Удзельнікі „групы Аўтуховіча” знаходзяцца за кратамі з канца 2020-га. Суд у гарадзенскай турме пачаўся 18 траўня.
Фота: sb.by
