Мікалай Аўтуховіч: Магчыма, будзе і трэцяя спроба рэгістрацыі



Былы палітвязень распавёў, што Вярхоўны суд ізноў падтрымаў Міністэрства юстыцыі.

Нагадаем, Вярхоўны суд разглядаў справу па адмове Міністэрства юстыцыі ў рэгістрацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Камітэт падтрымкі прадпрымальніцтва “Салідарнасць”. Гэта была ўжо другая адмова ў рэгістрацыі аб’яднання. І ў другі раз Вярхоўны суд стаў на бок Мінюста.

Мікалай Аўтуховіч: Сітуацыя склалася так, як і мы і прагназавалі. Не на нашу карысць. Чакаем афіцыйны ліст з суда, каб разабрацца, што там і да чаго. 

РР: Ці паспрабуеце зарэгістравацца з трэцяй спробы?

Мікалай Аўтуховіч: Найперш для гэта трэба грошы, а мы ж не алігархі і не прадстаўнікі камерцыйных структур. На паездкі па краіне, на арганізацыю сустрэч – для гэтага спатрэбіцца не менш за тысячу даляраў. Я мяркую, што мы ўсё ж-такі збярэм яшчэ адзін з’езд, выправім дакументы і ізноў іх пададзім на рэгістрацыю. Але ж ніхто не дае гарантыю, што Мінюст не знойдзе нейкіх новых парушэнняў. У іх у запасе цэлы арсенал усялякіх дакументаў, якімі з лёгкасцю можна паставіць шлагбаум на шляху рэгістрацыі любой арганізацыі, якая не патрэбна ўладам.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя