Мікалай Аўтуховіч: На парадах шмат “фэйкавых” ветэранаў



Былы “афганец” Мікалай Аўтуховіч выказвае сваё меркаванне адносна правядзення парадаў.

Сталіца рыхтуецца да ваеннага парада, які пройдзе 3 ліпеня, і на які, па словах беларускага кіраўніка, грошай шкадаваць не трэба. Трэба сказаць – і не шкадуюць…

Мікалай Аўтуховіч: Пашкоджаны асфальт у горадзе, інцыдэнт з танкам, які падчас рэпетыцыі патрапіў у “аварыю” і паваліў слуп – вось тое, што маем ужо. А які эфект ад усяго гэтага будзе на выхадзе? Мне падаецца, практычна нулявы, бо ўсё гэта – звычайная паказуха. Я, напрыклад, не чуў, каб моцныя краіны Еўразвяза асабліва захапляліся такімі ваеннымі шэсцямі. Любая армія моцная тады, калі адпрацоўвае нейкія практычныя дзеянні на выпадак ваеннага канфлікта, а не шпацыруе па асфальце ў цэнтры горада. Не разумею, для чаго ўсё гэта робіцца. Паказаць людзям, на што мы здольныя? Колькі новай тэхнікі закупілі? Адзначыць адзінства арміі, дзяржавы і народа?

РР: Мяркуеце, што людзям не падабаюцца такія ваенныя відовішчы?

Мікалай Аўтуховіч: Мяркую, гэта ненармальная сітуацыя, калі многія людзі сёння эканомяць на ежы, а дзяржава лічыць, што гэта неістотны момант. Галоўнае – парад.

РР: Але ж кажуць, што парад – гэта яшчэ і даніна тым, хто ваяваў у гады Вялікай Айчыннай вайны…

Мікалай Аўтуховіч: Лепш бы грошы, які патрацяць на парад, раздалі тым нешматлікім ветэранам вайны, якія сёння яшчэ жывыя. Думаю, што гэта для іх быў бы лепшы падарунак, чым нейкі ваенны фэст. Але ж сёння на парадах ідзе шмат “фэйкавых” ветэранаў, якія і на вайне ніколі не былі. І іх, як ні дзіўна, становіцца ўсё больш. Парады даволі добра ў сваіх мэтах выкарыстоўвае прапаганда. Паўтаруся, лепей бы гэтыя грошы аддалі сапраўдным ветэранам альбо на нейкія сацыяльныя праекты. Карысці было б значна больш.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя