Мікалай Аўтуховіч выйграў адміністрацыйную справу



Гарадзенскі абласны суд закрыў справу супраць грамадскага актывіста і былога палітвязня Мікалая Аўтуховіча па фальшывым абвінавачанні ў абмене валюты.

Следчыя Упраўлення фінансавых расследаванняў па Ваўкавыскім раёне склалі на Мікалая Аўтуховіча пратакол, паводле якога ён незаконна набыў валюту ў пасажыра таксі.

У пратаколе былі запісаныя паказанні двух сведкаў, але на судзе справа развалілася, кажа былы палітвязень:

– Было спачатку бачна, што ў іх нічога не атрымаецца, каб інкрымінаваць такую справу, патрэбна злапаць за рукі аднаго, другога… грошы забраць. А там два чалавекі нешта нагаварылі, і з гэтым яны пайшлі ў суд. Вельмі цікава выйшла са сведкамі ў судзе, калі высветлілася, што міліцыянты ім казалі: “Ты не памятаеш, як было, а трэба, каб было так, як нам трэба. Скажаш і будзеш свабодны”. Яны пра гэта на судзе ўсё расказалі. 

Па словах Аўтуховіча, адзін з пасажыраў таксі сапраўды прапаноўваў яму набыць 5 тысяч расейскіх рублёў, але ён адмовіўся. Пазней яго выклікалі ў фінансавую паліцыю і паказалі пратакол, што ён валюту ўсё-ткі набыў. Аўтуховіч распавёў следчым, як усё было на самай справе, але яго ніхто не стаў слухаць, а справу перадалі ў суд.

30 чэрвеня ў Гарадзенскім абласным судзе было заяўлена, што справа закрытая. Мікалай Аўтуховіч не ўяўляе, каму і для чаго трэба было фабрыкаваць супраць яго справу, але думае, што ў яго яшчэ засталіся нядобразычліўцы ў ведамстве фінансавых расследаванняў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя