Мікалай Аўтуховіч: З імі змагацца – што з ветракамі



13 студзеня старшыня аргкамітэта па стварэнні грамадскага аб’яднання “Камітэт падтрымкі прадпрымальніцтва “Салідарнасць” Мікалай Аўтуховіч абскардзіў адмову ў рэгістрацыі ў Вярхоўным судзе.

Мікалай Аўтуховіч

Нагадаем, што Міністэрства юстыцыі Беларусі ў другі раз адмовіла ў рэгістрацыі Рэспубліканскаму грамадскаму аб’яднанню «Камітэт падтрымкі прадпрымальніцтва «Салідарнасць».

Мікалай Аўтуховіч: Сёння перадалі скаргу на чарговую адмову ў рэгістрацыі ў Вярхоўны суд. Калі нам адмовілі ў першы раз, то мы ж выправілі ўсе хібы, на якія нам указвалі. Але ўсё роўна знайшлі да чаго дачапіцца. 

РР: Што на гэты раз не спадабалася Мінюсту?

Мікалай Аўтуховіч: Напрыклад, дачапіліся да слова “камітэт”. Як я зразумеў, яго ўжыванне як быццам магчыма  ў выпадку назваў дзяржаўных устаноў. Хаця падчас першай адмовы на гэта нават не ўказвалі. Таксама нам паведамілі, што быццам бы не ўсе заснавальнікі ўказалі свае хатнія нумары тэлефонаў. Але ў людзей і сапраўды няма хатніх тэлефонаў. Дык хіба гэта парушэнне? Акрамя таго, праінфармавалі, што не ўсе заснавальнікі правільна ўказалі месца працы. Але ў той жа час не канкрэтызуюць, хто гэта. Адным словам, знайшлі, як нам адмовіць.   

РР: Ці будзеце рабіць трэцюю спробу зарэгістравацца?

Мікалай Аўтуховіч: На гэта неабходна грошы, а іх няма. І не факт, што з трэцяй спробы зарэгіструюць. Амаль 100 адсоткаў, што ізноў знойдуць нагоды, каб адмовіць. Ужо відавочна, што мы – пад забаронай ва ўлады. І колькі памылкі не выпраўляй, ніколі не легалізуюць. З імі змагацца – што з ветракамі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя