Мікалай Чарнавус: 25 гадоў чуем адны абяцанні
Жыхары мікрараёна Паўночны горада Баранавічы змагаюцца за асфальтаваную аб’яздную дарогу з трасы Берасце – Менск. За 25 гадоў пражывання ў мікрараёне ім надакучыла глытаць пыл. Абяцанні заасфальтаваць з боку гарадской адміністрацыі даваліся не адзін раз, асабліва пад выбары. Пакуль нарэшце супрацоўнік Дзяржкантролю Алег Данілаў не агучыў доўгатэрміновыя планы на гэты від працы, кажа грамадскі актывіст Мікалай Чарнавус:
– У вуснай форме мне патлумачыў прадстаўнік Дзяржкантролю Алег Данілаў, ён сказаў, што зробяць пасля забудовы Паўночнага мікрараёна №2, толькі тады нам пракладуць асфальт, а гэта яшчэ будзе гадоў праз 15.
35 чалавек звярнуліся па дапамогу да свайго дэпутата абласнога савета Уладзіміра Герасімовіча – былога начальніка міліцыі, пераведзенага ў вобласць. Копію звароту вырашылі агучыць праз раённую газету “Наш край”. Але галоўны рэдактар Таццяна Карпік сказала, што ўмешвацца ў гэтае пытанне яны не будуць і нават няхай не чакаюць адказу, абураецца Мікалай Чарнавус:
– З кожным годам анархія адбываецца. Ужо за людзей не лічаць. Не тое, што работы выконваць, а адказ нават не жадаюць даваць.
Трэба адзначыць, што жыхары Паўночнага мікрараёна не толькі не маюць асфальтаванай дарогі, да гэтага часу прыватны сектар не мае каналізацыі.
Беларускае Радыё Рацыя