Мікалай Чарнавус больш за 10 дзён не мог вярнуць пасведчанне інваліда
Грамадскаму актывісту Мікалаю Чарнавусу толькі праз 12 дзён вярнулі пасведчанне інваліда II групы, якое 2 ліпеня ў яго забраў маёр міліцыі Аляксей Гецман. Гэта адбылося ў час складання адміністрацыйнага пратакола па звінавачанні ў правядзенні несанкцыянаванага мерапрыемства індывідуальных прадпрымальнікаў 1 ліпеня на гарадскім каапрынку і ў вялікай зале гарвыканкама. Мікалай Чарнавус накіраваў скаргу гарадскому пракурору і патрабаваў пракурорскага рэагавання на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі.
– Яны ўжо аднойчы прапаноўвалі мне распісацца за пасведчанне, я распісаўся. А яны забралі яго. Без якіх-небудзь дакументаў. А калі ўжо я яго атрымліваў, сказалі распісацца. Сапсавалі пасведчанне. Яно было надрукавана ў пластыку. Калі даставалі пасведчанне, яго парэзалі. Яны пратрымалі маё пасведчанне 12 дзён, калі за дзень можна было ўсё зрабіць.
Мікалай Чарнавус перакананы, што чыноўнікі ствараюць для яго штучныя перашкоды і спецыяльна ўцягваюць у бюракратычную цяганіну, каб ён не займаўся грамадска-палітычнай дзейнасцю.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота spring96.org