Мікалай Чарнавус падаў заяўку на правядзенне народнага сходу



У Баранавічах індывідуальны прадпрымальнік і грамадскі актывіст Мікалай Чарнавус падаў заяўку ў гарвыканкам на правядзенне народнага сходу.

Як паведаміў БелаПАН заяўнік, мерапрыемства запланавана на 15 красавіка з удзелам да 400 чалавек.

„Мэта сходу — выказаць пратэст супраць збяднення простых людзей, зніжэння заробкаў, нізкіх пенсій, росту цэн на тавары і камунальныя паслугі, беспрацоўя”, — дапоўніў Чарнавус.

Паводле яго слоў, у заяўцы ён указаў тры месцы, дзе мог бы прайсці народны сход: баранавіцкі гарвыканкам, райвыканкам або цэнтральная плошча.

„Таксама я прапанаваў забяспечыць яўку на гэтае мерапрыемства прадстаўнікоў улады. Яны павінны пачуць, што думае народ”, — заявіў Чарнавус.