Мікалай Чарнавус: У мяне павільён, а не вытворчыя плошчы



Баранавіцкі прадпрымальнік Мікалай Чарнавус распавёў, чаму да яго дачапіліся правяраючыя службы, і ці складана сёння працаваць ІП-эшнікам у рэгіёнах.

charnavus-pasvedchanne

Мікалай Чарнавус: Правяраючыя чапляюцца да ўсялякіх дробязяў. Вось, напрыклад, кажуць, што на бутэльцы, якой мы паліваем зямлю, каб падмесці тэрыторыю, павінен быць надпіс «зямля». Альбо настойваюць, каб была скрыня для інвентару. Каб на разетцы было напісаны «220 Вольт». У мяне на рынку што — вытворчыя плошчы? Няхай заводы правяраюць, а не маленькія павільёны на рынках. Шчыра кажучы, складваецца ўражанне, што людзям проста няма чым заняцца, але грошы патрэбны. Вось і прыдумваюць нейкія правілы, самі па гэтых правілах гуляюць і за гэта яшчэ атрымліваюць заробак. З 1 траўня павінны былі перазаключыць дамовы з прадпрымальнікамі, каб тыя яшчэ аплачвалі пажарную сігналізацыю, ахову міліцыі, відэа-назіранне. Я падняў гэтую праблему, дык, відаць, вырашылі да мяне з іншага боку падыйсці.

РР: Мараторый на праверкі ўлады ўвялі да 1 ліпеня. Якія чаканні далей?

Мікалай Чарнавус:  Ніхто не ведае, што будзе пасля гэтай даты, і як сябе павядуць падаткавікі. Можа быць, пачнуць трэсці, каб папоўніць бюджэт, але тут і трэсці асабліва няма чаго. Нягледзячы на летні сезон, пакупальніцкая здольнасць у насельніцтва вельмі малая. Самі ведаеце, якія заробкі ў рэгіёне. У горадзе наогул складана знайсці працу. У мяне сусед тры месяц шукае месца, каб працаўладкавацца, але не можа знайсці. Кажуць: «Вам ужо 50 гадоў, вы ўжо стары». Таму, асноўную частку грошай людзі выдаткоўваюць у першую чаргу на харчаванне, а ў апошнюю — на нейкае новае адзенне. Купляюць тое, што найперш неабходна. Вельмі складана працаваць

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя