Мікалай Чарнавус: Улады баяцца народнага кантролю



Баранавіцкія і Берасцейскія абласныя ўлады баяцца народнага кантролю, і папярэджанне грамадскага актывіста Мікалая Чарнавуса (старэйшага), яшчэ ад 26 лютага, аб стварэнні арганізацыі народнага кантролю ўспрынялі хваравіта.

24 жніўня на работу да Чарнавуса з’явіўся намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку гарадскога аддзела міліцыі Сяргей Паўленя па пісьму з абласнога выканаўчага камітэта, каб правесці апытанне наконт стварэння арганізацыі па кантролю за дзейнасцю чыноўнікаў, кажа Мікалай Чарнавус:

– Пытаецца: „Ці зарэгістравана ваша аб’яднанне, якое вы называеце?” Не, не зарэгістравана. Мы проста на плошчы рашылі і пастанавілі, але не зарэгістравана ва ўпраўленні юстыцыі. „Трэба зарэгістраваць.” Атрымліваецца, што на злодзеі і шапка гарыць. Баяцца, што ў Баранавічах пачне працаваць народны кантроль.

26 лютага, падчас народнага сходу супраць падатку на „дармаедства”, была прынята рэзалюцыя з 12-ці пунктаў. У адным з іх гаварылася пра стварэнне арганізацыі Народнага кантролю. Рэзалюцыя была накіравана ў абласны выканаўчы камітэт і ў адміністрацыю прэзідэнта. Адказы на гэтыя лісты дасёння не прыйшлі.

Беларускае Радыё Рацыя