Мікалай Чарнавус з дапамогай пікету хоча выказаць свой пратэст



Баранавіцкі індывідуальны прадпрымальнік Мікалай Чарнавус падаў заяву ў мясцовы выканаўчы камітэт на правядзенне пікету супраць карупцыі і росту коштаў на камунальныя паслугі. Мікалай Чарнавус мае намер інфармаваць жыхароў горада Баранавічы аб магчымым крадзяжы грашовых сродкаў з боку гарадскіх дзяржаўных структур, выдзеленых Сусветным банкам на экалагічнае развіццё Баранавіцкага рэгіёна. Адначасова грамадскі актывіст хоча выказаць пратэст супраць імклівага росту коштаў на камунальныя паслугі.

Кажа Мікола Чарнавус:

– Сусветны банк пералічвае грошы на інвестыцыі Баранавіцкага водаканала. Гэтыя грошы ўходзяць, прэзідэнт пагражае, а ніхто нікога не баіцца. Крадуць хто колькі зможа, дзе хто працуе. Хацеў бы данесці да баранавіцкага народа, што вас падманваюць, вас абкрадваюць.

Падчас свайго адзіночнага пікету Мікалай Чарнавус выкарыстае наступныя плакаты: “Спыніць рост коштаў на камунальныя паслугі ЖКГ”, “Крадзеж экалагічных інвестыцый дзяржаўным прадпрыемствам “Баранавічыводаканал” з’яўляецца ганьбай!”. Пікет запланаваны 18 лютага з 16-й да 17-й гадзіны ў старым парку горада, які рашэннем гарвыканкама з’яўляецца месцам масавых мерапрыемстваў у горадзе Баранавічы.

Беларускае Радыё Рацыя