Мікалай Дзядок: Затрыманне і суд лічу асабістай помстай начальніка ГУБАЗіК
Анархіст і былы палітвязень Мікалай Дзядок расказаў Праваабрончаму цэнтру “Вясна” падрабязнасці свайго затрымання раніцай 12 ліпеня, хто і ў чым яго абвінаваціў і што ён збіраецца рабіць далей.
Так, ён распавёў, што выйшаў з дома каля 9.30 раніцы, адразу да яго пад’ехаў спецаўтамабіль, з яго выйшаў амапавец з відэарэгістратарам. Ён прадставіўся і прапанаваў прайсці актывісту ў аўтамабіль, што той і зрабіў. У машыне ў Мікалая Дзядка ўдакладнілі прозвішча і адвезлі ў РУУС Фрунзенскага раёна, не кажучы пра падставы затрымання.
“Там мяне перадалі нейкаму оперу, які пачаў мяне распытваць пра маю асабістую фэйсбук-старонку. Я папрасіў яго прадставіцца і сказаць, за што мяне затрымалі. Тады я і даведаўся, што мяне вінавацяць у нібыта здзяйсненне адміністрацыйнага правапарушэння па арт. 17.10 – распаўсюд ці дэманстрацыю нацысцкай сімволікі.
Опер пачаў казаць мне пра нейкія карцінкі ў фэйсбуку. Я вяду старонку ўжо тры гады і канешне за гэты час там можа быць усё, што заўгодна. Я папрасіў даць мне азнаёміцца з адміністрацыйнай справай супраць мяне”, – распавядае актывіст.
У матэрыялах справы Мікалай Дзядок заўважыў, што першым там быў рапарт начальніка трэцяга аддзялення па супрацьдзеянню эксрэмізму ГУБАЗіК Міхаіла Бедункевіча, у якім было адзначана, што на старонцы актывіста ў Фэйсбуку выяўленыя пасты з дэманстраваннем нацысцкай сімволікі. Аднак, далей праглядзець матэрыялы справы Мікалаю Дзядку не далі, спаслаўшыся на тое, што дакументы “для службовага карыстання”. Не далі затрыманаму і патэлефанаваць абаронцу, пры гэтым супрацоўнік РУУС настойліва падсоўваў на подпіс паперу пра правы і абавязкі, дзе сярод іншага значылася і права на абаронцу. Актывіст такую паперу падпісваць адмовіўся.
Пасля каля дзвюх гадзінаў утрымання ў аддзяленні міліцыі Мікалая Дзядка адразу адвезлі ў суд, зноўку нікому нічога не паведаміўшы. Справу разглядала Ганна Буйноўская.
“У судзе я заявіў два хадайніцтвы – на азнаямленне з матэрыяламі справы і на прысутнасць абаронцы ў працэсе. Абодва яны былі задаволеныя.
Калі я паглядзеў у матэрыялы справы, то ўбачыў, што мяне прыцягваюць да адказнасці за тры карцінкі, якія нібыта з’явіліся прапагандай нацызму”, – падкрэслівае актывіст.
Так у справе былі:
- Скрыншот з аднага з артыкулаў “Новага часу”, які быў прысвечаны падзеям 9 траўня, дзе былі ілюстрацыйна сумешчаныя свастыка і серп ды молат;
- Карцінка, на якой свастыка была ўстаўлена ў круг і з яе выходзілі стрэлкі, якую Мікалай Дзядок размесціў з подпісам “Зрабіце мяне разбачыць гэта”;
- Скрыншот з забаўляльнай праграммы “Маскі шоў”, дзе акцёры едуць на трамваі, ўвешанным сцягамі са свастыкай.
“Я адзначыў у судзе, што ўсе тры карцінкі або ў саркастычным, або негатыўным кантэксце запошчаныя. А гэта азначае, што там і блізка няма прапаганды нацысцкіх поглядаў”, – удакладняе Мікалай Дзядок.
Падчас працэссу суддзя дайшла да пытання, ці з’яляецца ён актывістам анархісцкага руху.
“Я сказаў прама: “Так, я анархіст, гэта праяўляецца ў тым, што я публічна так сябе пазіцыяную і стасуюся з людзьмі адпаведных поглядаў. У звязку з гэтым я негатыўна стаўлюся да нацызму і ніякай прапаганды ці распаўсюду нацысцкай сімволікі ў мяне быць не можа”, – распавядае Мікалай Дзядок.
Таксама ў судзе высветлілася, што міліцыянеры нават не склалі пратакол адміністрацыйнага затрымання. Больш за тое, стала вядома, што ўсе тры карцінкі былі размешчаныя на старонцы ад дзевяці месяцаў да палутарагод таму, а выяўленыя яны былі толькі 10 ліпеня 2018 года.
“І паўстае пытанне: як так гэтыя карцінкі нікому не былі патрэбныя, а тут знянацку Бедункевіч іх знайшоў? Я лічу, што гэта была асабістая помста мне за тое, што пасля спецаперацыі сілавікоў у Крупках, я напісаў у сваім фэйсбуку саркастычны пост, у якім адзначыў, што пазнаў начальніка ГУБАЗіК нават у масцы”, – упэўнены актывіст.
У выніку суддзя прызнала Мікалая Дзядка вінаватым у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння і пакарала штрафам на 10 базавых велічынь. Гэта трохі здзівіла актывіста, бо ён заўсёды настройваецца на горшае і гэтым разам быў гатовы да арышту.
“Аднак, паколькі сутак мне не далі, я лічу, што ГУБАЗ, не атрымаўшы жаданага пакарання для мяне, можа ў любы момант зноў затрымаць і працягнуць помсціць”, – кажа Мікалай Дзядок.
Цяпер ён збіраецца абскардзіць рашэнне суда Фрунзенскага раёна, а таксама падаць скаргу на парушэнне працэсуальных нормаў супрацоўнікамі міліцыі пры яго затрыманні.