Мікалай Качурэц: Мяне білі, прыгаворваючы: “Хочаш перамен – на табе перамены”
З віцебскага СІЗА выйшаў Мікалай Качурэц, 60-гадовы прыхільнік беларушчыны, які нядаўна перанёс інфаркт і аперацыю на сэрцы.
Ён быў жорстка затрыманы АМАПам 9-га жніўня, калі ішоў у цэнтр Віцебска , каб падтрымаць іншых пратэстоўцаў супраць фальшавання вынікаў выбараў. Мікалай Качурэц не адмаўляе, што аказваў супраціў, – баяўся, што пачнуць збіваць маладых жанчын, якія стаялі побач:
– Гэта быў нейкі рэфлекс, што трэба бараніць людзей. Я з дваімі змагаўся, як мог. А потым у бусе яны мяне збілі. Галава ўся пабітая, рэбры пабітыя. Яны бачылі маю сівую галаву, але крычалі розныя брыдкія словы. А яшчэ адзін у бусе – там жа грала музыка, “Пераменаў”, – ён падняў мяне за валасы, біў мяне і казаў: “ Хочаш пераменаў? На табе!”
Мікалай Качурэц пойдзе засведчыць цялесныя пашкоджанні, бо ён перакананы, што такое нельга дараваць – інакш супрацьпраўныя дзеянні будуць працягвацца. “Здымаць пабоі” збіраюцца і іншыя людзі, якіх збівалі падчас затрымання або падчас знаходжання ў віцебскім следчым ізалятары.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск