Мікалай Казлоў: Людзей выкідаюць на вуліцу і яшчэ патрабуюць з іх грошы!
Улады зразумелі, што пратэсты супраць так званага дэкрэта № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», ці як яго назвалі ў народзе, «Аб дармаедах», могуць быць небяспечнымі. Таму адказ у выглядзе рэпрэсій не прымусіў сябе доўга чакаць. У розных гарадах Беларусі на зборшчыкаў падпісаў за адмену дэкрэта складаюцца адміністратыўныя пратаколы. У Менску «пад пратакол» адным з першых трапіў кіраўнік гарадской арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў. Цікава, што падставай для завядзення адміністрацыйнай справы стала фота на сайце Аб’яднанай грамадзянскай партыі, на якім бачна, што чалавек, падобны да Мікалая Казлова, збірае подпісы каля Камароўскага рынку.
У інтэрв’ю карэспандэнту Радыё Рацыя Генадзю Барбарычу палітык сказаў, што нават і не здзіўлены самім фактам пераследу. Улады нічога новага прыдумаць не могуць. З ідэямі ў іх праблемы.
Мікалай Казлоў: Карыстаючыся заканадаўствам, дзе не прапісана дэтальна, чым адрозніваецца збор подпісаў ад пікетавання, яны тлумачаць заканадаўства, так, як ім надумаецца. І вось звычайны збор подпісаў яны зараз кваліфікуюць як пікет. Калі я ў супрацоўніка, які складаў пратакол, папрасіў растлумачыць прыкметы пікета: з якога моманту пікет лічыцца пікетам, а не проста звычайным стаяннем грамадзяніна на вуліцы, ён адказаў, што калі б вы не вылучалі палітычных патрабаванняў, не пратэставалі супраць дэкрэту, мы б не мелі нічога супраць. Як толькі вы публічна сталі збіраць подпісы за адмену дэкрэта, мы расцанілі гэта як пікет. І без усялякіх сумневаў склаў пратакол на мяне.
РР: Дзе? У міліцыі якога раёну гэта адбылося?
— Гэта РУУС Савецкага раёна Менска. Увогуле, мне здаецца, што ў Савецкім раёне «абкатваюць» такія не зусім законныя рэчы. Я ўспамінаю, што адзін з пратаколаў быў на мяне складзены за ўдзел у санкцыяніраваным мерапрыемстве на Дзень Волі.
Думаю, што з боку міліцыі ідзе такі мэтанакіраваны ціск на Аб’яднаную грамадзянскую партыю, на яе актывістаў, на мяне, як сябра АГП. Ім не падабаецца, што мы публічна збіраем подпісы, што мы не хаваем гэтага. Мы даем магчымасць людзям выказаць сваё меркаванне таксама публічна, бо на вуліцы не кожны набярэцца смеласці напісаць сваё прозвішча, адрас, тэлефон. І такім вось чынам выказаць свае адносіны да гэтага дэкрэта.
Я думаю, што гэты дэкрэт відавочна антынародны. Не так даўно па тэлеканале АНТ глядзеў інтэрв’ю з намеснікам кіраўніка падатковай інспекцыі. Ён некалькі завуалявана казаў, што ім, падаткавікам, падабаецца, што гэты дэкрэт ставіць людзей перад выбарам: ці плаціць за тое, што яны не працуюць, ці трымацца за любую працу і за любы заробак. Ён сцвярджаў, што зараз стала складана ўладкавацца дворнікам ці грузчыкам. Але нічога не сказаў пра тое, што рабіць выпускніку ўніверсітэта, напрыклад, інжынеру? Што яму рабіць? Уладкоўвацца дворнікам ці грузчыкам? Як быць? Дзяржава абсалютна не клапоціцца пра працоўныя месцы, хаця Аб’яднаная грамадзянская партыя шмат гадоў раіць і прапануе, як іх ствараць.
РР Што паказвае збор подпісаў? Як настроены грамадзяне да дэкрэта?
— Грамадзяне настроены рэзка адмоўна. Я вам скажу больш, калі я хадзіў па выкліку ў РУУС Савецкага раёна, мне было цікава, як яны кваліфікуюць маю справу. Там я размаўляў прыватна з міліцыянерамі, былымі калегамі. Усе да адзінага ставяцца да гэтага дэкрэта дрэнна. Яны лічаць, што яго трэба адмяняць. І гэты абавязак: скласці на мяне пратакол, яны ўспрымалі менавіта як абавязак, як загад, і рабілі гэта не таму, што ўхваляюць гэты дэкрэт. Гэта было відавочна і гэта было прыемна для мяне, як былога супрацоўніка міліцыі.
РР: Але ж цікава, ці будуць суды і сілавыя структуры, згодна з гэтым дэкрэтам, асуджаць грамадзянаў на 15 сутак арышту, калі людзі будуць адмаўляцца плаціць. Таму што шмат хто ўжо зараз заяўляе: плаціць не будзем, лепш адсядзім. Так што, дзясяткі, ці нават сотні тысяч грамадзянаў могуць апынуцца за кратамі невядома за што?
— Што тычыцца супрацоўнікаў міліцыі, то і ў іх няпростыя часы зараз. На самой справе, ідзе іх скарачэнне. І атрымліваецца, што тыя, хто з прафесійнай кропкі погляду нічога з сябе не ўяўляе, яны, аддаючы такія незаконныя загады, як скласці пратакол за збор подпісаў, усяляк падкрэсліваюць сваю лаяльнасць рэжыму. Я лічу, што ў іх планах застацца на працы за кошт прафесіяналаў. Зараз няпросты выбар. І па маім адчуванні, для некаторых асабістая адданасць пераважней, чым прафесіяналізм. І баюся, што прафесіяналы, якія маюць веды, досвед і сумленне, сыдуць, а застануцца па большай частцы людзі, гатовыя выканаць любы загад, нават з парушэннем закона. І мяне гэта непакоіць.
РР: Апазіцыя рыхтуе шэраг акцый супраць дэкрэта №3. 17 лютага — «Марш раз’юшаных беларусаў», 15 сакавіка — «Марш недармаедаў». Дамовіцца пра адзінае мерапрыемства не атрымалася, на жаль. Таму наколькі масавымі могуць быць яны? Якой будзе рэакцыя ўлады?
— Мне падаецца, што ўсё ж ўлады не дазволяць акцый, будуць ім супрацьдзейнічаць, бо напружанне ў грамадстве відавочнае. Я асабіста збіраю подпісы і бачу стаўленне людзей, іх раздражненне, абурэнне гэтым дэкрэтам. І я мяркую, што нашы бюракраты таксама адчуваюць гэта. Яны таксама разумеюць, што вельмі шмат людзей гэта закранула. І, мабыць, чакаюць, што ў выпадку дазволу збярэцца шмат народу. У нас гэтага баяцца, па ўсялякаму пазбягаюць. І як правіла, вырашаюць такія праблемы не дамоўленасцямі, не палюбоўнай адменай недарэчнага закону, а такімі вось карнымі спосабамі, забаронамі, пратаколамі, штрафамі. Таму я думаю, што наўрад ці ўлады дазволяць. І тым не менш, я лічу, што людзі прыйдуць на плошчу.
РР: І ўсё ж такі, як Вы адчуваеце, могуць гэтыя грамадскія пратэсты падштурхнуць улады адмяніць дэкрэт ці перарабіць яго?
— Часткова ўлады ўжо адчуваюць усенароднае абурэнне з нагоды гэтага дэкрэта. І ідзе, хай і дробныя, але саступкі. Калі раней „лісты шчасця” прыходзілі да гастарбайтэраў, якія ездзілі ў Расею, дык цяпер дастаткова прынесці даведку пра тое, што яны там працавалі і з іх здымаецца абавязак плаціць падатак. Таму ўлада адчувае напружанне ў грамадстве і спрабуе неяк змікшыраваць гэты дэкрэт. Хоць нешта перашкаджае ёй адмяніць яго цалкам. Відавочна, яны лічаць гэта недапушчальнай саступкай. Вось такая сялянская ўпартасць… Разлічваюць, што будзе трываць уся краіна, хоць ўсе ведаюць, што вельмі шмат прамысловых прадпрыемстваў і розных установаў перажываюць скарачэнні. Шмат прадпрыемстваў стратных, на мяжы спынення. Людзей выкідваюць на вуліцу і за гэта патрабуюць з іх грошай. Гэта абуральна.
Таму, па словах Мікалая Казлова, кампанію супраць дэкрэта №3 трэба працягваць. Палітык заклікаў людзей прыходзіць у офісы Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў Менску і іншых гарадах краіны і падпісваць зварот за адмену гэтага недарэчнага дэкрэта.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя