Мікалай Казлоў: Пераслед за прафесійную дзейнасць – падсудная справа
На думку кіраўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі, былога падпалкоўніка міліцыі Мікалая Казлова, крымінальная справа, заведзеная супраць рэдактара інтэрнет-выдання „Ежедневник” Сяргея Сацука быццам за атрыманне хабару, з’яўляецца пераследам за прафесійную дзейнасць.
Палітык сказаў, што гэта становіцца зразумелым пасля азнаямлення з артыкуламі журналіста і з яго адкрытым лістом, апублікаваным адразу пасля арышту.
– Улічваючы, што Сяргей пакінуў пэўны тэкст, бо ён падазраваў, што такі пераслед магчымы, што яго замовілі, гэта прымушае мяне крыху інакш глядзець на сітуацыю. Уяўляючы ўсе абставіны, і беручы пад увагу тое, што ён напісаў, я проста хачу сказаць тым людзям, якія магчыма, я не магу сцвярджаць дакладна, але цяпер у нас ёсць усе падставы падазраваць, што ў адносінах Сяргея Сацука сфабрыкаваная крымінальная справа. Калі гэта акажацца праўдай, то людзі, якія ў гэтым удзельнічаюць, абавязкова паўстануць перад судом.
Трэба таксама нагадаць, што апошні артыкул Сяргея Сацука, апублікаваны ў „Ежедневнике” напярэдадні арышту, быў прысвечаны балючай тэме каронавірусу ў Беларусі і верагоднаму ўтойванню ўладамі сапраўднай інфармацыі аб пандэміі. На думку Мікалая Казлова, магчыма, гэты артыкул і стаў сапраўднай прычынай яго крымінальнага пераследу.
Беларускае Радыё Рацыя