Мікалай Казлоў: Трэба ўмець прызнаваць свае памылкі
Міністру ўнутраных справаў трэба было б папрасіць прабачэння перад неабгрунтавана затрыманымі цыганамі, – лічыць кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі, былы падпалкоўнік міліцыі Мікалай Казлоў. Як вядома, напярэдадні мінітр унутраных спраў Ігар Шуневіч агрэсіўна заявіў, адказваючы на пытанне аднаго з журналістаў: „У міністра няма ні нагоды, ні падставы прасіць прабачэння ў цыганоў. Зразумела?”.
Масавыя і жорсткія затрыманні адбыліся пасля паведамленняў аб забойстве, як меркавалася, цыганамі, супрацоўніка магілёўскага ДАІ. Пазней следства прыйшло да высновы, што гэта было самазабойства.
– Якімі б матывамі не кіраваліся пры затрыманні, але калі высвятляецца, што чалавек не вінаваты, то, відаць, трэба прабачыцца, асабліва міністру. Больш за ўсё здзіўляе, канешне, яго адносіны да таго, што ён робіць. Я разумею, што ён лічыць сябе заўсёды правым. На мой погляд, усё што ён робіць – гэта жахліва. Гэта кажа пра яго пэўны маральны стан, мне здаецца, што яго маральны стан не адпавядае той пасадзе, якую ён займае.
А вось кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава па даручэнню Аляксандра Лукашэнкі 23 траўня наведала Магілёў і сустрэлася з прадстаўнікамі жыхароў гораду цыганскай нацыянальнасці.
Наталля Качанава прынесла прабачэнні прадстаўнікам цыганскай дыяспары за адбыўшуюся сітуацыю, калі сапраўды падчас расследавання абставін справы мелі месца факты некарэктных дзеянняў.
Беларускае Радыё Рацыя