Мікалай Маслоўскі: Я ні пра што не шкадую



Сярод беларусаў не сціхаюць спрэчкі, хто больш правільна дзейнічае на карысць Беларусі. Пачаліся абвінавачванні. У сацсетках узмацняецца шальмаванне Святланы Ціханоўскай.

Пра гэта мы паразмаўлялі з „Госцем Рацыі” Мікалаем Маслоўскім:

РР: Чаму вы вырашылі стаць даверанай асобай Ціханоўскай у 2020 годзе?

– Гісторыя пачалася не са Святланы, а з Сяргея Ціханоўскага. Мы сустрэліся ў Менску з блогерам Валодзем Мазгонам, паразмаўлялі, потым была выбарчая кампанія Марыі Васілевіч, гэтай прыгажуні, якую з сабой цягаў Лукашэнка. Я пайшоў кандыдатам у дэпутаты парламенту і ўсе нашы блогеры, якія зараз сядзяць усе, можа толькі не сядзіць Арцём Шапараў „Рэальная Беларусь”, Наталля Багданава, Андрэй Павук. Усе астатнія нашы хлапцы сядзяць зараз у турмах рэжыму. Мы зрабілі такую блогерскую кампанію, пазнаёміліся і пачалі сябраваць. Зрабілі першы злёт у Менску, каля цэнтру „Карона”. Такі блогерскі сход кандыдатаў у дэпутаты, там былі нашы падпісчыкі і беларусы, якія актыўныя і ўдзельнічалі ў тым, што рабілася ў Беларусі. Потым, калі пачалася ўся гэта кампанія Статкевіч, Ціханоўскі, то мы яе падтрымлівалі. Кабанаў Саша мой аднапартыец падтрымліваў і быў прэс-сакратаром Святланы Ціханоўскай, калі ўжо Сяргея арыштавалі. Сяргей сядзіць, Саша Кабанаў, Пятрухіна пасадзілі і Валодзю Мазгона пасадзілі. Таму я вырашыў, што трэба ісці далей, падхопліваць сцяг. Я пайшоў у падтрымку Святланы даверанай асобай. Мяне раз пасадзілі, за тое, што я стрым з Камароўкі правёў. У турме на „Акрэсціна” далі яшчэ 15-ць сутак. Мяне выпусцілі пасля першых сутак, а на другія суткі забралі падчас жывога эфіру, каля майго пад’езда. Я паспеў чатыры секунды нешта сказаць, мяне схапілі і павезлі. Там я ўсё гэта бачыў уласнымі вачыма, у Жодзіне быў. Бачыў, як нашых беларусаў прывозілі сінімі, вы самі гэта ведаеце. У маім лёсе было два шляхі. Першы шлях – гэта шлях паспяховага айцішніка, які ю можа быць даўно працаваў недзе не ў нашай краіне, як усе мае калегі. Я ўсё ж такі вырашыў змагацца і пасля гэтых турмаў апынуўся ва Украіне, потым у Варшаве. Цяпер ужо казаць, што варта спыніцца, прабачыць усім гэтым карнікам, мова пра гэта не ідзе.

РР: Ці не шкадавалі вы, што не засталіся ў сферы IT? Давялося сядзець, шмат перажыць.

– Я скажу, што напэўна гэта мне ад маці перадалося. У мяне абвостранае пачуццё справядлівасці, пошуку праўды. Для мяне гэта заўсёды былі такія важныя рэчы. Я ні пра што не шкадую. Шлях канешне такі эмацыйны і нервовы, усё гэта добраму настрою не спрыяла. Але цяпер мы разумеем, хто з беларусаў вораг, а хто сапраўдны беларус. Мы разумеем, што такое беларуская нацыя, за што мы змагаемся. Мы пакуль не перамаглі, але я лічу, што гэты час мы правялі з вялікай карысцю. Цяпер у Еўропе ў нас ёсць свая беларуская краіна, якая не мае межаў, якая не мае нейкіх пашпартоў. Але беларусы разам і ў якой бы краіне мы не знаходзіліся, у нас зараз і дыяспары працуюць, нейкія суполкі. Гэта ўсё з’явілася.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

З Мікалаем Маслоўскім размаўляла наш карэспандэнт Аліна Андрыевіч.

Беларускае Радыё Рацыя