Мікалай Новікаў падаў скаргу у Камітэт ААН на фабрыку “Палесдрук”



Былы кандыдат у дэпутаты Гомельскага абласнога Савету ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП), эканаміст Мікалай Новікаў падаў скаргу у Камітэт па правах чалавека ААН.

Як паведаміў намеснік старшыні Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі Васіль Палякоў, Новікаў прайшоў усе судовыя інстанцыі, але так і не змог дамагчыся справы па скарзе супраць друкарні „Палесдрук”.

– Спачатку прынялі, а праз пэўны час адмовілі. Сказалі, што не будуць друкаваць, бо не адпавядае нейкім патрабаванням. Пасля гэтага ён звярнуўся са скаргай у суд, і гэтая справа дайшла да Вярхоўнага суда. Пасля таго, як у Вярхоўным судзе адмовілі, звярнуўся ў Камітэт ААН пра правах чалавека.

 Падчас правядзення мясцовых выбараў вясной бягучага году дырэктар Акцыянернага таварыства „Палесдрук” Аляксандр Курыленка палічыў, што ўлётка сябра АГП заклікае да зрыву выбараў.

Новікаў просіць ААНаўскі Камітэт рэкамендаваць Ураду Беларусі змяніць Выбарчы кодэкс такім чынам, каб практыка яго выкарыстання не прыводзіла да адмовы ў правасуддзі.

Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя