Мікалай Падгайскі: Ім што заўгодна, абы толькі не бел-чырвона-белы сцяг



У Баранавічах на шматлюднай вуліцы Бадака, па якой ездзіць міліцыя і работнікі пракуратуры, насупраць прадпрыемства па вырошчванні грыбоў, вісяць цэлых пяць сцягоў, уключаючы чырвона-зялёны дзяржаўны, расейскі, горада Баранавічы і яшчэ невядома які. Але яны вісяць дагары нагамі і ніхто з уладаў гэтага не бачыць.

Улады разам з міліцыянтамі палююць толькі на нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі і іншыя рэчы такога колеру, кажа намеснік старшыні Баранавіцкай філіі Таварыства беларускай мовы Мікалай Падгайскі:

– З аднаго боку нейкае неадэкватнае паляванне на ўсё чырвона-белае, у любых праявах. Ці то сцягі, ці то адзежа. Хаця бел-чырвона-белы сцяг лічыцца гістарычна-культурнай каштоўнасцю. З другога боку, самыя розныя сцягі вісяць абы як. Што ў прынцыпе недапушчальна. І ўсім на гэта напляваць. А не дай Бог там з’явіўся б бел-чырвона-белы сцяг, як адразу бы ўсе наляцелі.

Паводле Мікалая Падгайскага, нядаўна ўлады ўбачылі нават пад лёдам бел-чырвона-белы сцяг у Баранавічах і накіравалі камунальнікаў высякаць. А на карыкатурна павешаныя сцягі, сярод якіх чужы расейскі, уладам напляваць.

Беларускае Радыё Рацыя