Мікалай Салянік паўдзельнічае ў мясцовых выбарах



У маючых прайсці 18 лютага выбарах у мясцовыя органы прадстаўнічай улады збіраецца паўдзельнічаць гарадзенец Мікалай Салянік, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Паводле яго меркавання, шмат што можна вырашыць, стаўшы дэпутатам і ў рамках паўнамоцтва дэпутата раённай рады дэпутатаў. Хоць бы ў плане абмеркавання і фармавання мясцовага бюджэту. Цяпер жа ён перакананы: бюджэтныя сродкі выкарыстоўваюцца нерацыянальна. У той час, калі значная частка грамадзянаў мае вялікія фінансавыя праблемы праз нізкія заробкі і беспрацоўе.

– Папрасіў і парэкамендаваў уладзе не ствараць напружанасці ў грамадстве і даць магчымасць, каб выбары былі сумленныя і справядлівыя. І не трэба баяцца людзей, якія прыйдуць ад народа. Яны нічога дрэннага не зробяць ні выканаўчай, ні заканадаўчай уладзе. Тым больш мы ведаем, якія паўнамоцтвы ў органаў мясцовай улады.

Цяпер Мікола Салянік разам з сябрамі партыі праводзіць збор подпісаў грамадзянаў за вылучэнне яго кандыдатам у мясцовыя дэпутаты. Асаблівую ўвагу Мікола Салянік звяртае на важнасць перадаць уладам сацыяльную справядлівасць і грамадзянскія правы ўсім людзям Гарадзеншчыны.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара