Мікалай Салянік выйшаў на волю



Мікалай Салянік, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі з Гародні — на волі. Сем сутак адміністрацыйнага арышту ён правёў у ізалятары часовага ўтрымання.

Суддзя Дзмітры Бубенчык, з Ленінскага раённага суда прысудзіў яму гэты тэрмін за ўдзел у мітынгу 15-га сакавіка ў цэнтры Гародні. Кажа па вызваленні актывіст, Мікалай Салянік.

— Яны мяне не заламалі. У мяне нават з’явілася нейкая ўпэўненасць у тым, што мы ўсё робім слушна. У мяне з’явілася жаданне змагацца далей. Бытавыя ўмовы жудасныя, камера ніколі не праветрываецца, чатыры віды кратаў на вокнах, не прыбіраецца.

Вызваленне павінна было прайсці каля другой гадзіны дня. Але міліцыянты, выпусцілі актывіста на дзве гадзіны раней, каб людзі не сабраліся ля ІЧУ. Аднымі з першых паспелі пад’ехаць, атрымаўшы вестку Сяргей Верамеенка і Ежы Грыгенча. Кажа Сяргей Верамеенка:

— Я вельмі рады, што вызвалілі нашага актывіста, я рады, што ўсё ж такі яго вызвалілі без эксцэсаў, бо Мікалай Васільевіч чалавек актыўны і напорысты. І вядома хачу сказаць, што тут вельмі важная і істотная рэч — салідарнасць. Тое, што мы прыносілі, тое, што прыносілі іншыя людзі: кожны дзень перадачы, і падтрымлівалі, і пісалі паштоўкі. Гэта бачыць таксама і ўлада, гэта бачаць тыя людзі, якія цяпер пры ўладзе і тыя міліцыянты, якія ўтрымліваюць пад вартай.

Застаўся сярод арыштаваных яшчэ Эдвард Дмухоўскі, які павінен быць вызвалены сёмага красавіка. Ён быў асуджаны да 15 сутак адміністрацыйнага арышту суддзёй Аленай Пятровай. А таксама Антон Вайцехаў, які выйдзе 9-га красавіка, пасля 10 сутак арышту.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя