Мікалай Шарах абскарджвае сваё затрыманне



Мікалай Шарах, кіраўнік Свабоднага прафсаюза беларускага, абскарджвае сваё затрыманне на трое сутак, якое ён быў вымушаны адбыць у полацкім ізалятары часовага ўтрымання з 14-га ліпеня.

У ізалятары яго дапыталі як падазраванага ў крымінальнай справе, распачатай паводле артыкула 341 (Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці). Пакаранне за гэтыя дзеянні не прадугледжвае абмежавання волі, таму і затрыманне на 72 гадзіны – незаконнае. Так лічыць і сам Мікалай Шарах, і ягоны адвакат, які ў першы ж дзень затрымання падаў скаргу ў полацкі суд. Аднак там дзеянні міліцыянтаў прызналі законнымі. Мікалай Шарах не плануе спыняцца ў пошуках справядлівасці і рыхтуе скаргу ў Віцебскі абласны суд. Тым болей, што абвінавачанне ён лічыць бязглуздым:

– У вёсцы Завозер’е Полацкага раёну ў кастрычніку 2020-га году нехта напісаў тры словы на аўтобусным прыпынку. Следчыя лічаць, што гэта мог зрабіць я. Ніякага грунту пад сабой гэткія падазрэнні не маюць – мне няма больш чаго рабіць, як ездзіць па раёне і нешта пісаць на сценах. І чаму менавіта я павінен быў напісаць гэтыя словы?

Яшчэ адна прычына, каб лічыць затрыманне на 72 гадзіны беспадстаўным, – гэта пасада старшыні СПБ, якую займае Мікалай Шарах. Месяц таму канферэнцыя Міжнароднай арганізацыі працы запатрабавала імунітэту для прафсаюзных лідараў, бо іх затрыманне без даказанай судом віны ёсць перашкодай законнай дзейнасці прафсаюзаў.

Беларускае Радыё Рацыя