Мікалай Шарах: Самая вялікая праблема ў Беларусі – кантрактная сістэма



Сённяшні госць Беларускага Радыё Рацыя  – старшыня  Свабоднага Прафсаюзу Беларускага Мікалай Шарах. Ён жыве ў Полацку, і ягоны ўдзел у мясцовым незалежніцкім грамадскім жыцці пачаўся яшчэ за савецкім часам, у гады так званай “перабудовы”.

Ён быў удзельнікам культурна-гістарычнага клубу “Вытокі”, адным з першых полацкіх сябраў Беларускага Народнага Фронту і ўваходзіў у лік стваральнікаў полацкай грэка-каталіцкай грамады.

30 гадоў ён адпрацаваў на ААТ “Полацк-Шкловалакно”, добраахвотна адмовіўся ад адміністратыўнай кар’еры і стварыў у сваім цэху “пярвічку” СПБ. Прадстаўніцтва гэтага прафсаюзу  на прадпрыемстве пачыналася з 4-х чалавек, а ўсяго за гады існавання суполкі праз яе прайшлі каля тысячы чалавек. Каб знайсці падставы для  звальнення прафсаюзнага лідара, кіраўніцтва  ААТ “Полацк-Шкловалакно” перарабіла працоўную дамову, і з Мікалаем Шарахам не працягнулі кантракт, калі яму заставалася 2 гады да пенсіі. Але дзейнасць Свабоднага прафсаюзу задушыць не ўдалося: да полацкіх прадстаўнікоў СПБ звяртаюцца нават рабочыя з іншых гарадоў.

Незалежныя прафсаюзы здольныя  бараніць правы працоўных толькі тады, калі самі працаўнікі не баяцца пратэставаць, адзначае Мікалай Шарах:

 – Самая вялікая праблема ў Беларусі – кантрактная сістэма. Калі чалавек жадае працягнуць кантракт, але не можа ніяк уплываць на гэта, або калі ён хоча звольніцца, і таксама не можа. Мы аказваем бясплатныя юрыдычныя кансультацыі, юрыдычную дапамогу. І дзейнасць прафсаюза вельмі важная тым, што гэта дзейнасць саміх работнікаў. Прафсаюз – гэта структура саміх працоўных. Ён ствараецца знізу для дасягнення мэтаў у абароне правоў. Прафсаюз толькі інструмент у працоўных адносінах. Прафсаюзы без удзелу работнікаў нічога зрабіць не могуць. Таму не трэба чакаць, што прафсаюзы зробяць рэвалюцыю ў Беларусі, страйк усебеларускі ці што іншае. Не зробяць, бо самі работнікі не ўваходзяць у склад незалежных прафсаюзаў і таму не могуць скарыстацца гэтым інструментам.

Калі ж працоўныя не будуць баяцца бараніць свае правы, незалежны прафсаюз – гэта дзейная сіла, здольная на вялікія пераўтварэнні. Узорам гэтага стала “Салідарнасць” у Польшчы, і таму беларускія ўлады баяцца абурэння працаўнікоў, лічыць Мікалай Шарах.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Гутарыла Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя