Мікалай Статкевіч арыштаваны на 5 ці 15 сутак (абноўлена)



Паводле апошніх звестак Мікалая Статкевіча арыштавалі нібыта на 5 сутак.

Апоўдні 26 жніўня арыштавалі апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча. Гэта адбылося непадалёк ад дома, калі вядомы апазіцыянер ішоў на запланаваную сустрэчу. Зараз ён знаходзіцца ў сталічным ізалятары на Акрэсціна. Кажа жонка палітыка Марына Адамовіч.

 – 9 жніўня, як нам стала вядома з атрыманай па пошце пастановы, Мікалая пакаралі 15 суткамі адміністрацыйнага арышту за 3 ліпеня. Пастанова не была прыведзена ў дзеянне неадкладна, як таго патрабуе закон. І сёння, калі ён ішоў на сустрэчу, яго недзе недалёка ад дома,  па дарозе на прыпынак, затрымалі. Я даведалася пра гэта, калі тэлефанавала яму. Нарэшце ён адказаў, ужо будучы на Акрэсціна, што 15 сутак. Але літаральна некалькі хвілін таму мне патэлефанаваў нейкі падпалкоўнік з Ленінскага РАУС і паведаміў, што Мікалай затрыманы на 5 сутак. Таму зараз я паеду на Акрэсціна і ўжо там буду спрабаваць дамагчыся нейкай інфармацыі на месцы.

Марына Адамовіч назвала арышт прадказальна-мярзотнымі дзеяннямі ўлады, што спрабуюць прадухіліць надыходзячыя мірныя пратэсты супраць гаротнага эканамічнага стану.  

* * * 

Мікалая Статкевіча арыштавалі на 15 сутак. Пра гэта паведаміла ў фэйсбуку яго жонка Марына Адамовіч.

«Мікалая арыштавалі сёньня каля 12-ці, недалёка ад дома, калі ён ішоў на сустрэчу. Ужо на Акрэсьціна. 15 сутак. Восень блізка», – напісала яна.

У інтэрвію карэспандэнту Свабоды Марына Адамовіч сказала, што літаральна некалькі хвілінаў таму ёй патэлефанавалі з Ленінскага РАУС, што Мікалая арыштавалі на 5 сутак.

Высветліць нешта ў турме на Акрэсьціна ёй пакуль не ўдалося.

«Таму пакуль не ясна, арыштавалі яго на 15 сутак альбо на 20. Нам вядома толькі пра прысуд на 15 сутак за акцыю 3 ліпеня. Пастанову мы атрымалі па пошце і аспрэчвалі яе. Аднак рашэння пакуль не было», — сказала Марына Адамовіч.

Яна лічыць, што гэта «прадказальныя, мярзотныя дзеянні ўладаў, якія такім чынам спрабуюць прадухіліць мірныя пратэсты».

Мікалай Статкевіч планаваў узяць удзел у акцыі папярэджання 8 верасня на Кастрычніцкай плошчы Менска. Акцыю арганізуе Беларускі нацыянальны кангрэс.