Мікалай Статкевіч аштрафаваны за акцыю ля будынка КДБ
За мемарыяльную акцыю ля будынка КДБ – “Ланцуг памяці” ў „Ноч расстраляных паэтаў”, якая адбылася ў Менку ўвечары 29 кастрычніка, кіраўнік незарэгістраванай Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) Мікалай Статкевіч аштрафаваны на 40 базавых велічынь, а яго жонка Марына Адамовіч – на 30 базавых.
– Тут атрымоўваецца дастаткова дзіўная сітуацыя. За пост у фэйсбуку, за інфармацыю пра тое, што адбудзецца мемарыяльная цырымонія “Ланцуг памяці” каля КДБ у “Ноч расстраляных паэтаў” 29 кастрычніка, я атрымаў пяць сутак арышту ад Ленінскага суда. А за саму акцыю я пакараны штрафам у 40 базавых, і жонка – 30 базавых за тое, што са свечкамі пастаялі.
Па словах Міколы Статкевіча, персанальна ён не абскарджвае судовых выракаў, таму што суд ніколі не прымаў рашэнняў на яго карысць. Але юрысты, якія займаюцца яго справамі, скаргі заўсёды падаюць. У тым ліку і на апошнія судовыя рашэнні. Для таго, як сказаў Мікола Статкевіч, каб усё беззаконне было задакументавана для гісторыі.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота Новы Час