Мікалай Статкевіч: У нас забралі адразу два святы – Дзень Незалежнасці і Свята Вызвалення



Прадстаўнікі Беларускага нацыянальнага кангрэсу начале з Мікалаем Статкевічам усклалі кветкі да мемарыялу ў Менску, дзе пахаваны больш 10 тысячаў савецкіх вайскоўцаў і партызанаў, загінуўшых пры вызваленні сталіцы Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 3 ліпеня 1944 году.

Як падкрэсліў Статкевіч, 3 ліпеня адзначаецца Дзень Вызвалення Менску. Таму антыгістарычна і непаважліва да вызваліцеляў святкаваць у гэтую дату Дзень Незалежнасці краіны.

– Сёння Дзень Вызвалення Менску ад гітлераўцаў, які дзесяцігоддзямі Беларусь святкавала як вызваленне ўсёй нашай краіны ад нацысцкіх акупантаў. На жаль, у нас гэтае свята забралі з дапамогай сфальсіфікаванага рэферэндума, і адначасова забралі два святы – Дзень Незалежнасці і Свята Вызвалення. Па сутнасці, зганьбілі памяць святых воінаў, якія тут ляжаць, якія, безумоўна, ні сном ні духам не ведалі, родам з Расеі, з Каўказа, з Цэнтральнай Азіі, што яны тут паміраюць за тое, каб Беларусь была незалежнай ад Савецкага Саюза. Гэтыя людзі ваявалі тут зусім за іншае.

Ва ўскладанні кветак прынялі ўдзел каля 20 чалавек. Некаторыя трымалі бел-чырвона-белыя сцягі.

За тым, што адбываецца, назіралі і фіксавалі на відэакамеры супрацоўнікі ў цывільным. Міліцыя папярэдзіла ўдзельнікаў мерапрыемства аб тым, што яно з’яўляецца несанкцыянаваным і калі не будзе спынена, то яго ўдзельнікі будуць затрыманыя і прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці.

Беларускае Радыё Рацыя