Мікалай Статкевіч выйшаў на волю з ІЧУ Берасця
Адзін з лідараў Беларускага нацыянальнага кангрэса Мікалай Статкевіч выйшаў на волю з ІЧУ Берасця пасля адбыцця арышту за пратэст супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу.
Палітык чарговы раз быў арыштаваны на пяць сутак. Гэтым разам Мікалай Статкевіч быў асуджаны да зняволення ў Берасці за салідарнасць з жыхарамі горада, якія змагаюцца з будаўніцтвам акумулятарнага заводу.
Нагадаем, Статкевіча затрымалі 14 кастрычніка на акцыі пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў Берасці. Разам з палітыкам былі арыштаваныя блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў і некалькі актывістаў.
15 кастрычніка палітык быў асуджаны на пяць сутак арышту. Статкевіч адразу адмовіўся ўдзельнічаць у судовым працэсе. Ён заявіў суддзі, што не лічыць гэты суд законным. «Я і вас прыехаў ад гэтага свінцу абараняць. Вы самі сябе не паважаеце і пры гэтым хочаце, каб я вас паважаў», — заявіў тады палітык.
Той жа суд за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў паўторна на працягу года прысудзіў па пяць сутак арышту блогерам Сяргею Пятрухіну і Аляксандру Кабанаву.
Таксама міліцыя непасрэдна каля РАУСа спрабавала затрымаць для “ўручэння павесткі” Яўгена Скрабца, Валера Фамінскага, Мілану Харытонаву і Алеся Ляўчука. Пра гэта напісала ў сваім фэйсбуку жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч.
Фота канала „Баста”