Мікалай Статкевіч заклікае на акцыю „За мірную Беларусь!”



„Выходжу на акцыю за гадзіну – запрашаю журналістаў анлайн трансляваць мой шлях,” – напісаў у сацыяльных сетках беларускі палітык Мікалай Статкевіч, лідар акцыі “За мірную Беларусь!”, якую 8 верасня арганізуе Рада Беларускага Нацыянальнага Кангрэса.

Акцыя пачнецца а 19-ай гадзіне на Кастрычніцкай плошчы Менска. Колькасць людзей, якія выступаюць супраць беларуска-расейскіх вучэнняў не павінна залежыць ад таго, ці мяне затрымаюць, кажа Мікалай Статкевіч:

Калі такія важныя акцыі, якія вырашаюць, па сутнасці, лёс краіны, будуць залежыць ад свабоды ці несвабоды толькі аднаго чалавека, то гэта значыць, што мы як нацыя не паспелі. Прыйдзіце 8 верасня на акцыю папярэджання. У выпадку, калі мяне затрымаюць, прыйдзіце для таго, каб патрабаваць майго вызвалення. Калі арышты лідараў акцый будуць выклікаць павелічэнне іх масавасці, то прэвентыўныя арышты спыняцца. Гэта адзіны шлях.

На акцыі плануецца прыняць рэзалюцыю. Пасля мітынгу на Кастрычніцкай удзельнікі пройдуць да плошчы Перамогі, дзе адбудзецца цырымонія ўскладання кветак. Акцыя скіраваная супраць вайсковых вучэнняў „Захад-2017”.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя