Мікалай Статкевіч зноў быў у ШІЗА
У штрафным ізалятары палітык правёў 10 дзён. Пра апошнія звесткі аб мужы паведаміла ў сваім фэйсбуку Марына Адамовіч.
«Як папярэджваў, парушыў парадак ліставання, бо з 20.12 па 29.12 быў у ШІЗА. Дзевяць [так у лісце] дзён гультайства, бо не трэба ні галіцца, ні распранацца, ні слаць і рассцілаць ложак, ні чытаць і пісаць. Нават хадзіць не абавязкова. Праўда, я там хаджу, бо месца там не раўнуй болей, чым у адзіночках», — напісаў Статкевіч.
Ён адзначыў, што яго камера маленькая, напрыклад, болей за чатыры крокі ад вакна да дзвярэй не атрымоўваецца.
Статкевіч таксама зазначае, што лістоў ад іншых людзей няма, відавочна, іх не прапусцяць.
«Але падзякуй ад мяне усіх, хто спрабаваў павіншаваць мяне, хто маліўся за нас. Мае калядныя віншаванні ўсім ім. А таксама каляднае пажаданне людзям нашай і суседніх краін — «Міра і волі!» На жаль, досвед былых каланіяльных дзяржаў (Англіі, Францыі, Партугаліі і г.д.) сведчыць — адзіны эфектыўны сродак ад імперскіх комплексаў нацыі — гэта кроў яе сыноў», — рэзюмаваў Статкевіч.