Мікалай Ціхановіч: Ніхто не мае права адбіраць жыццё
„Беларускае грамадства мала ўсведамляе ўсю глыбіню і вастрыню праблемы смяротнага пакарання ў Беларусі”, – лічыць ксёндз Мікалай Ціхановіч, рымска-каталіцкі святар Гарадзенскай дыяцэзіі.
Ён быў адным са шматлікіх удзельнікаў – святароў розных канфесій, якія прынялі ўдзел у міжнароднай канферэнцыі „Несмяротнае пакаранне: вытокі адказнай пазіцыі”. Гэта мерапрыемства адбылося ў Менску:
– Я лічу, што менавіта такія мерапрыемствы падрыхтоўваюць вельмі добры грунт да таго, каб пачаць будаваць такую асветніцкую кампанію, каб яна таксама была данесена да простых людзей, каб людзі мелі час гэта ў сабе перажыць, задумацца. Найбольшы аргумент – гэта годнасць кожнага чалавечага жыцця. Для мяне, не толькі як для святара, для хрысціяніна, для веруючага чалавека, гэты аргумент першапланавы.
Чалавечае жыццё з’яўляецца фундаментальнай каштоўнасцю. І ніхто не мае права – ні дзяржава, ні чалавек, гэта жыццё ў іншага чалавека адбіраць. І важна, каб людзі сканцэнтравалі сваю ўвагу на гэтым, сказаў ксёндз Мікалай Ціхановіч, выступаючы ў дыскусіі падчас канферэцыі „Несмяротнае пакаранне”.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск
