Мікалай Уласевіч: «Астравецкая АЭС рызыкуе паўтарыць лёс Чарнобыля»
Гэты злачынны праект на нашай зямлі павінен быць спынены любой цаной. Пра гэта ў 32-ю гадавіну Чарнобыльскай катастрофы нашаму радыё заявіў каардынатар ініцыятывы «Астравецкая АЭС — гэта злачынства» Мікалай Уласевіч, які лічыць, што нават кіраўнік краіны разумее, што будаўніцтва АЭС у Астраўцы — гэта эканамічны правал.
— Гэта вялікі эканамічны пралік і гэта пачаў прызнаваць нават сам Лукашэнка, хоць не наўпрост а ўскосна. Прычым, як бачна з ягонага выказвання на апошняй сустрэчы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, дык нават адхрышчваецца ад гэтага праекта. А мы добра ведаем, што менавіта ён сам, асабіста прапіхваў гэты праект на беларускую зямлю.
І ніякія стрэс-тэсты не гарантуюць беларусам бяспекі Астравецкай АЭС, дадае Мікалай Уласевіч:
— Бяспека атамнай станцыі — найважнейшы чыннік, бо калі там дзесьці эканамічны правал, дык яго хтосьці праплаціць. Ну хто аплаціць? Мы аплацім. А што тычыцца бяспекі, якая можа скончыцца вялікай трагедыяй, раўназначнай той, што была 32 гады таму назад, дык ні нас, ні Беларусі, па-сутнасці, можа не застацца на мапе Еўропы.
26 красавіка 1986 года – на 4-м блоку атамнай электрастанцыі ў Чарнобылі прагрымеў выбух. На гадзінніку была 1 гадзіну 23 хвіліны. Затым рушыў услед другі выбух, паўстаў пажар. Аварыя на ЧАЭС стала самай буйной у гісторыі чалавецтва тэхнагеннай катастрофай. Тэрыторыі 17 краін Еўропы пацярпелі ад выпадзення радыеактыўных ападкаў. Нягледзячы на тое, што станцыя размешчана ва Украіне, каля горада Прыпяць, больш за 70% радыенуклідаў асела на тэрыторыі Беларусі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя