Мікалая Саляніка аштрафавалі на 35 базавых велічынь
Старшыню гарадзенскай абласной арганізацыі АГП Мікалая Саляніка аштрафавалі на 35 базавых велічынь. Паводле матэрыялаў справы, Салянік 7 лістапада выйшаў у цэнтр горада разам з Аляксандрам Лаўрэнцьевым, трымаючы плакат “Далоў самадзяржаўе”, не падпарадкоўваўся законным патрабаванням міліцыі, адпіхваў супрацоўнікаў ад сябе, хапаў за адзенне, адмаўляўся прайсці ў службовы аўтамабіль.
Салянік не прызнаў сябе вінаватым. Справу разглядаў суддзя Руслан Гурын. Сведкам у судзе выступіў міліцыянт Аляксандр Вінаградаў. Суддзя выдаліў з залы амаль усіх прысутных за неадпаведныя паводзіны (выказванні без дазволу), а потым і самога Мікалая Саляніка — калі той заклеіў сабе скотчам рот. Раней за гэтую ж акцыю 7 лістапада Лаўрэнцьева аштрафавалі на 30 базавых.
Нагадаем, што папярэдні судовы працэс, які меў адбыцца 22 лістапада, перанеслі таму, што Салянік меў, на думку суда, „неадпаведны знешні выгляд”. Бо ён прыйшоў у суд у паласатай турэмнай робе з металёвым ашыйнікам і калодкай на ланцугу. У руках Мікалай Салянік трымаў асобнікі Канстытуцыі.
Беларускае Радыё Рацыя