Мікалая Саляніка будуць судзіць 26 ліпеня



Кіраўніку Гарадзенскага абласнога аддзялення АГП Мікалаю Саляніку 23-га ліпеня патэлефанавала сакратар Ленінскага суда Гародні і паведаміла, што суд над ім, які не адбыўся 18-га ліпеня, а сама справа была аддадзена на дапрацоўку, адбудзецца 26-га ліпеня у Ленінскім судзе Гародні ў 14.30. Раней яго вінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыяваным пікеце, зараз жа, пасля дапрацоўкі матэрыялаў, Мікалаю Саляніку прад’яўляюць абвінавачванне ў хуліганстве. Пра гэта паведамляе „Гарадзенская вясна”.

У гэты ж день Мікалаю Саляніку патэлефанавалі са Следчага камітэта і запрасілі прыйсці для дачы тлумачэнняў па факце знікнення са шпіталя яго вопраткі, паласатай турэмнай робы, у якой актывіст разам з паплечнікам Аляксандрам Лаўрэнцевым збіраўся рабіць флэшмоб на 3-га ліпеня. Мікалай Салянік таксама заявіў, што з вопраткай прапалі і іншыя матэрыяльныя каштоўнасці. Следчы запрасіў актывіста прыйсці 24-га ліпеня.

Самога Мікалая Саляніка пасля таго, як ён заявіў пра знікненне яго рэчаў, хуценька выпісалі са шпіталя, куды ён патрапіў з пастарунку міліцыі з гіпертанічным крызам. Шпіталю хапіла трох дзён, каб яго вылечыць. Выпісаны ён быў 6-га ліпеня, а ўжо 10-га яго зноў забрала хуткая ў рэанімацыю з гэтакім жа дыягназам. Як лічыць сам Мікалай Салянік, яго проста не далячылі і выпісалі з бальніцы хворым, каб хутчэй замяць справу знікнення вопраткі.

Паводле spring96.org

Фота: „Гарадзенская вясна”