Мікалая Статкевіча пасадзілі на суткі
15 сутак палітык атрымаў за шэсце 3 ліпеня. Яго завочна асудзілі 9 жніўня, аднак затрымалі толькі 26 жніўня. Яшчэ 5 сутак – за акцыю 30 сакавіка.
Статкевіч быў затрыманы апоўдні ў суботу, 26 жніўня, на прыпынку грамадскага транспарту. Адамовіч адзначыла, што адчула неспакой і пачала тэлефанаваць мужу. Доўгі час ён не адказваў, але прыкладна ў 12.45 адказаў на тэлефанаванне і сказаў, што знаходзіцца на Акрэсціна.
Жонка палітыка спачатку выказала здагадку, што яго затрымалі для адбывання 15-сутачнага арышту, якім ён пакараны за арганізацыю вулічнай акцыі ў Менску 3 ліпеня. Аднак прыблізна ў 15.00 жонцы палітыка патэлефанавалі з Ленінскага РУУС і сказалі, што ён будзе адбываць пяць сутак арышту. Пазней яна даведалася, што рашэнне вынесенае ў судзе Маскоўскага раёна Менска, але невядома, з якой прычыны.
Сёння Адамовіч удалося атрымаць у судзе Маскоўскага раёна копію судовага рашэння, у адпаведнасці з якім Статкевіч асуджаны на пяць сутак. Пастанова суда датуецца 15 траўня, гэта значыць прайшло паўтара месяца з дня зафіксаванага міліцыяй правапарушэння.
30 сакавіка Статкевіч і іншыя палітыкі і грамадскія дзеячы сустракалі ля ЦІП арыштаваных за ўдзел у акцыі на Дзень Волі, 25 сакавіка. Актывісту АГП Дзмітрыю Кавалгіну, які адседзеў пяць сутак, у ЦІП вярнулі вялікі бел-чырвона-белы сцяг, які і быў разгорнуты на непрацяглы час.
Не выключана, што пасля адбывання пяці сутак арышту Статкевічу давядзецца адседзець яшчэ 15 сутак.
Жонка палітыка мяркуе, што затрыманне Статкевіча звязанае з анансаванай на 8 верасня „акцыяй папярэджання” ў сувязі з надыходам беларуска-расейскіх вучэнняў „Захад-2017”. Яна адзначыла, што рашэнне аб адміністрацыйных арыштах вынесенае яшчэ ў дачыненні прыкладна да пяці чалавек, аднак яны пасля судоў таксама не былі затрыманыя.
Апошні раз Статкевіч адбываў адміністрацыйны арышт у канцы красавіка — пачатку траўня. Прычым рашэнне аб яго арышце на пяць сутак было прынятае судом Ленінскага раёна Менска яшчэ 7 красавіка. Як лічаць, улады арыштам Статкевіча менавіта ў канцы красавіка перашкодзілі яму ўзяць удзел у першамайскай акцыі апазіцыі ў цэнтры Менска.